У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 19 ліпеня пачаўся працэс па справе Генадзя Гаспадарыка. 57-гадовага першага намесніка старшыні праўлення Беларусбанка абвінавачваюць у хабарніцтве і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.

Генадзь Гаспадарык

Генадзь Гаспадарык

Гаспадарыка затрымалі работнікі КДБ яшчэ ў чэрвені мінулага года. Яго ўзялі з палічным, у момант атрымання хабару памерам $14 тысяч. Рэальныя сумы хабару былі нашмат большымі, запэўніў пазней старшыня Камітэта Валер Вакульчык.

Цяпер Генадзю Гаспадарыку пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Разам з ім на лаве падсудных 51-гадовы Мікалай Цырто — намеснік дырэктара дэпартамента па працы з каштоўнасцямі Беларусбанка. Цырто абвінавачваюць у тым жа, у чым і Гаспадарыка: хабарніцтва, злоўжыванне паўнамоцтвамі.

Мікалай Цырто

Мікалай Цырто

Мікалая Цырто затрымалі ў адзін дзень з Гаспадарыкам, але амаль два месяцы ён знаходзіўся пад хатнім арыштам, і толькі пасля яго перавялі ў СІЗА КДБ.

Па версіі следства, Гаспадарык браў грошы даўно, першы эпізод — яшчэ ў канцы 2009 года, калі «ў рэстаране «Чумацкі шлях» яму перадалі 4 тысячы даляраў». Хабар ён атрымаў ад бізнэсоўца Бучнева, за тое, каб трохі пазней «Смарт Бізнэс Тэхноладжы» (кампанію Бучнева) абралі пастаўшчыком абсталявання для «Беларусбанка». Пазней у тым жа рэстаране Бучнеў перадаў Гаспадарыку яшчэ 3 тысячы еўра.

Пасля Генадзь Гаспадарык атрымліваў ад Бучнева нашмат большыя сумы: спачатку 70, а пазней - 90 тысяч даляраў, ізноў жа за «дазвол» пастаўляць абсталяванне. Грошы топ-менеджару банка перадавалі проста ў машыне.

Так працягвалася некалькі гадоў. У 2014 годзе Бучнеў сплаціў банкіру яшчэ 2 тысячы.

Ад наступнай кампаніі хабар Гаспадарыку перадаваў Мікалай Цырто — той самы супрацоўнік «Беларусбанка», які сёння сядзіць побач з ім на лаве падсудных. Генадзь Гаспадарык атрымаў 32 тысячы даляраў, каб «Беларусбанк» пачаў карыстацца паслугамі кампаніі «Рэгула», якая пастаўляла банкаўскае абсталяванне. Пазней Цырто перадаў Гаспадарыку яшчэ 14 тысяч даляраў.

Пракурор сцвярджае, што атрымліваў грошы і сам Цырто. Ад таго ж Бучнева ён атрымаў агулам 220 тысяч даляраў. Пры гэтым, лічыць следства, менавіта Цырто падбухторваў бізнэсоўца даць хабар Гаспадарыку.

Генадзь Гаспадарык прызнаў віну амаль цалкам (не прызнаў толькі злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі). Мікалай Цырто папрасіў дазволу адказаць пра прызнанне віны пазней.

Працэс працягнецца 20 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?