Міжнародны эксперт возьме ўдзел у 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, якая будзе праходзіць 5 — 9 ліпеня ў Мінску.

Па прыездзе ў Мінск Міклаш Харашці выказаў шкадаванне наконт таго, што гэты візіт у Беларусь ён ажыццяўляе не ў якасці спецдакладчыка ААН, тым не менш, ён паведаміў, што сваю пазіцыю адносна сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі зможа агучыць на афіцыйнай пляцоўцы: у якасці запрошанага эксперта спадар Харашці выступіць на паралельным мерапрыемстве падчас 26-й сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, якое адбудзецца 6 ліпеня.

У каментары з нагоды візіту ў Беларусь ён выказаў спадзяванне, што ўдзел у такім афіцыйным мерапрыемстве, як сесія ПА АБСЕ, стане першым крокам на шляху да прызнання афіцыйным Мінскам мандата краінавага спецдакладчыка ААН. 

Нагадаем, з 2012 года Міклаш Харашці з’яўляецца Спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Савета па правах чалавека ААН. Аднак беларускія ўлады ад самага пачатку не прызнаюць гэты мандат і адмаўляюцца ад супрацоўніцтва са спецдакладчыкам. Наведаць Беларусь у гэтай якасці спадар Харашці не меў магчымасці, паколькі на гэта неабходна афіцыйнае запрашэнне ўладаў.

Пры падрыхтоўцы ўсіх сваіх справаздачаў спецдакладчык выкарыстоўвае інфармацыю ад беларускіх праваабаронцаў, экспертаў, журналістаў, з якімі сустракаецца за межамі краіны, чэрпае неабходныя звесткі з афіцыйных дакументаў, а таксама з перапіскі грамадзянаў Беларусі з іншымі праваабарончымі механізмамі ААН.

Апошнюю справаздачу па Беларусі спецдакладчык прадставіў Радзе па правах чалавека ААН 14 чэрвеня гэтага года, а 23 чэрвеня Рада прыняла рэзалюцыю па Беларусі і падоўжыў мандат спецдакладчыка яшчэ на адзін год. Праваабарончая супольнасць вітала працяг міжнароднага кантроля за сітуацыяй у Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?