Андрэй Снігур.

Андрэй Снігур.

Вышэй агучаны маршрут Андрэй скарае ўжо трэці раз запар. Падчас дэбюту ён страціў на дарогу амаль тры тыдні, паўтарыў падарожжа ўжо за 5 дзён і 6 гадзін, а ў гэтым годзе паставіў асабісты рэкорд: 4 дні і 22 гадзіны ад Мінска да Кітая, амаль не спыняючыся.

Першая вылазка ў паход здарылася ў жыцці Андрэя ў 11-гадовым узросце, з цягам часу яны станавіліся ўсё больш складанымі, з працяглымі дыстанцыямі. Ужо ў 17 год пры першай жа магчымасці хлопец няспынна адпраўляўся лавіць машыны на трасу, наведаўшы такім чынам Беларусь, Расію, Украіну, Польшчу і шмат іншых краін. Але Кітай заўсёды быў яго асноўнай марай, якая прываблівала маштабамі і магчымасцямі.

«Кажуць, што беларусы, рускія і ўкраінцы не падобныя, але, на мой погляд, мы аднаго поля ягады. Я аб’ездзіў краіны гэтых трох народаў уздоўж і папярок, але вялікіх адрозненняў паміж намі не ўбачыў. А вось у межах адной краіны могуць быць кантрасты: так, на Усходзе мясцовыя значна прасцейшыя, чым у Маскве ці Санкт-Пецярбургу», — дзеліцца назіраннямі Андрэй.

Сваякі Андрэя спачатку думалі, што ён павандруе і супакоіцца, але як толькі ён вяртаўся з чарговага падарожжа, пачынаў сумаваць, седзячы на месцы, і планаваў наступнае. Хлопец паспеў паступіць і на фізічны факультэт, і на журфак БДУ, але ніводзін з іх не скончыў: цяга да прыгод перамагала. Родным прыйшлося змірыцца. Цяпер, праўда, Андрэй затрымаўся на эканамічным факультэце БДЭУ, дзе вучыцца завочна. Але для тых, хто загадзя робіць стаўкі на тое, што і тут ён не давядзе справу да канца і лічыць яго крыху безадказным, «крэйзі», у Андрэя ў запасе ёсць жалезны аргумент: «У нашай краіне зараз, на жаль, не самая найлепшая сітуацыя ў плане магчымасцяў і заробкаў. Трымацца за ўмоўныя 500 рублёў без перспектыў я не бачу сэнсу».

У Кітаі хлопец прабудзе цягам двух месяцаў, паралельна працягваючы здымаць свой відэаблог, на які робіць стаўку як на будучую працу. Пасля плануе трапіць у В’етнам, Лаос, Тайланд, Інданэзію. Восенню перад вяртаннем у Беларусь Андрэй хоча «заскочыць» у Паўночную і Паўднёвую Карэю.

Вось такім чынам Андрэй часцей за ўсё зарабляе грошы.

Вось такім чынам Андрэй часцей за ўсё зарабляе грошы.

Пакуль гэта ўсё наперадзе, а зараз Андрэй спецыяльна для чытачоў «Нашай Нівы» прыгадвае самыя прыкольныя выпадкі і неспадзяванкі з вандроўкі і дзеліцца галоўнымі лайфхакам з тымі, хто таксама марыць пра жыццё са смакам аўтаспыну.

  1. У першы дзень майго падарожжа выпаў снег. Улічваючы, што звычайна 11 мая — сонечны вясновы дзянёк, мяне гэта зусім не пацешыла. Далей дрэннае надвор’е яшчэ доўга не давала спакою.
  2. Трымаючы курс на Маскву, я «застопіў» двух хлопцаў. Кожны з іх быў на асобнай машыне. Адна з іх зламалася. Яе ўзялі на буксір. Некалькі разоў трос зрываўся, пасля чаго я дастаў з заплечніка альпінісцкі карабін, і мы сяк-так дабраліся да Масквы. У той момант я адчуваў сябе Філеасам Фогам.
  3. Па дарозе да Уфы ў адной з машын у мяне на плячы спаў п'яны капітан карабля. У форме і з фуражкай.
  4. Калі ў трэцюю ноч я стопіў пасярод казахскага стэпу, спыніўся дальнабойшчык з Бабруйска. Улічваючы, што я таксама адтуль, было вельмі крута.
  5. У Казахстане тры кіроўцы запар забяспечвалі мяне тушонкай. Выглядала, быццам яны згаварыліся.
  6. Даехаўшы да кітайскай мяжы за 4 дні і 10 гадзін, я ўпёрся ў зачыненую мяжу. Спазніўся літаральна на 5 хвілін! Было вельмі крыўдна.
  7. Днямі ў кітайскім Чэнду з дапамогай грання на гітары я зарабіў $40. Амаль $15 у мяне адразу ж скралі ў хостэле.

У падарожжах хапае небяспек і непрыемнасцяў, аднак тое ж самае можа напаткаць нас і ў звычайным жыцці, таму не варта баяцца новага, мяркуе хлопец. Людзі любяць замежнікаў і падтрымліваюць іх, такім чынам, магчыма, кампенсуючы свае планы, што не спраўдзіліся.

Сачыць за далейшымі прыгодамі Андрэя можна на яго канале.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?