Новая перадача «Справа прынцыпу» на тэлеканале АНТ была прысвечаная тэме Дня Перамогі, а таксама праявам неанацызму ў Беларусі. Вядучы шоу Вадзім Гігін зноў запрасіў у эфір сваіх пастаянных гасцей Пятра Пятроўскага, Андрэя Лазуткіна, Аляксея Бяляева, Аляксандра Шпакоўскага. З іншага боку быў толькі прадстаўнік «Ліберальнага клуба» Вадзім Мажэйка.

 «Я не параўноўваў нацыяналізм з нацызмам. Я казаў, што, на жаль, некаторыя плыні беларускага нацыяналізму маюць свае карані ў калабарацыянізме часоў Вялікай айчыннай вайны. Многія з ідэйна-палітычных айцоў беларускага нацыяналізму насілі гітлераўскую форму. І да цяперашняй пары лідары некаторых палітычных партый не адракліся і пакаяліся. Не адракліся ад Астроўскага, ад Кушаля, ад Беларускай краёвай абароны, ад Саюза беларускай моладзі. Больш за тое, іх гераізуюць», — сказаў прадзяржаўны палітолаг Аляксандр Шпакоўскі.

Сам Шпакоўскі ў свой час быў у «Правым альянсе», працаваў ахоўнікам Мілінкевіча. «У студэнцкія гады я захапляўся гэтай плынню і толькі праца з архівамі, самаадукацыя, стасаванне са сведкамі, што выжылі, з іншымі калегамі, дапамаглі зразумець праўду», — сказаў ён пра падзеі апошняй вайны.

Адметна, што Вадзім Гігін не пасароміўся запрасіць госцем у перадачу кіраўніка руху «Русь маладая» Сяргея Лушча. Яшчэ зусім нядаўна гэты чалавек быў «валхвом» неанацысцкай паганскай секты «Схорон Еж Славен». Ідэалогія секты грунтуецца на некалькіх «святых» кнігах, напісаных «Багумілам»: «Сонцаварот», «Трызна», «Сполах»; і нясе традыцыйныя для неанацысцкіх суполак на постсавецкай прасторы ідэі аб абранасці «славянскай нацыі» і шкодніках-жыдах. Цяпер жа Лушч выступае як змагар з «неанацызмам», арганізатар акцыі акцыі «Бяссмяротны полк» у Беларусі.

 «Бяссмяротны полк», як і георгіеўская стужка, — гэта міжнародная акцыя. Гэта сімвал перамогі над нацызмам. Гэта сплаціла людзей ад Аўстраліі да Паўночнай Амерыкі. Рэспубліка Беларусь не павінна выходзіць за дужкі. Я з павагай стаўлюся да ініцыятывы БРСМ «Кветкі перамогі». Але многія выкарыстоўваюць існаванне двух мерапрыемстваў, сутыкаюць іх. Ніхто нам не замінае правесці «Бяссмертны полк», — сказаў Лушч.

Прадстаўнік «Ліберальнага клуба» Вадзім Мажэйка звярнуў увагу, што ў Расіі «Бессмяротны полк» даходзіць да маразму, калі нясуць партрэты Молатава.

На гэта Вадзім Гігін адзначыў, што гэта быў адным з людзей, хто «перамалоў карычневую чуму». Таксама вядучы перадачы адобрыў ініцыятыву некаторых райвыканкамаў падымаць 9 Мая чырвоныя сцягі. «Мы перамагалі пад ім», — сказаў Гігін.

Напрыканцы перадачы гаворка зайшла пра георгіеўскія стужкі. Слова зноў узяў Аляксандр Шпакоўскі.

«На ўсходзе Украіны георгіеўская стужка стала выкарыстоўвацца сепаратыстамі ці апалчэнцамі, хай як хочуць іх ідэнтыфікуюць. Але гэтыя падзеі чамусьці сталі пераносіцца на нашую пляцоўку, на Рэспубліку Беларусь. У нас нацыяналістычныя, апазіцыйныя колы пачалі займацца стукацтвам, то бок паведамляць аб выкарыстанні георгіеўскай стужкі і падаваць гэта як сепаратызм. У нас ніводзін чалавек не выкарыстоўвае георгіеўскую стужку як сімвал сепаратызму. У нас у прынцыпе гэтага няма. Я хацеў бы заклікаць чыноўнікаў звярнуць на гэта ўвагу, не займацца лухтой і не псаваць людзям свята», — адзначыў Шпакоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?