Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі прыляцеў у Тбілісі для перамоваў з грузінскім прэзыдэнтам Міхэілам Саакашвілі.

Яны абмяркоўвалі асноўныя прынцыпы пагаденьня аб урэгуляваньні крызісу, выпрацаваныя на перамовах Сарказі зь Мядзьведзевым у Маскве. Позна ўвечары Саакашвілі і Сарказі паведамілі, што распрацаваныя прынцыпы былі «збольшага ўхваленыя» ў працэсе перамоваў.

Гэтых прынцыпаў шэсьць. Першы — не прыбягаць да выкарыстаньня сілы. Другі — канчаткова спыніць усе ваенныя дзеяньні. Трэці — свабодны доступ да гуманітарнай дапамогі. Чацьвёрты — узброеныя сілы Грузіі вяртаюцца ў месцы сваёй сталай дысьлякацыі. Пяты — узброеныя сілы Расеі выводзяцца на лінію, што папярэднічала пачатку баявых дзеяньняў. Шосты — пачатак міжнароднага абмеркаваньня пытаньняў будучага статусу Паўднёвай Асеціі і Абхазіі і шляхоў забесьпячэньня іх трывалай бясьпекі.

Аглядальнікі ў ЗША сёньня крытыкавалі гэты дакумэнт за адсутнасьць у ім згадкі пра тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі і крытыкавалі эўрапейцаў за саступкі Расеі.

Тым часам лідэры Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоні і Латвіі прыбылі ў Тбілісі ў аўторак увечары праз Гянджу (Азэрбайджан). Яны выступілі на масавым мітынгу ў цэнтры грузінскай сталіцы, на якім выказалі салідарнасьць з Грузіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?