9 жніўня ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну ўстаноўлены помнік на магіле паэта Анатоля Сыса.

Анатоль Сыс

Анатоль Сыс

Помнік выраблены з чырвона‑чорнага граніту. У верхнім правым куце мэмарыялу — цярновае гняздо, у якім сядзіць птах — сымбаль «салаўінага сэрца Беларусі», як называлі паэта прыхільнікі яго творчасьці. Унізе — белы мармуровы камень у выглядзе чыстага аркуша, які азначае, што паэт шмат мог бы яшчэ напісаць. На тыльным баку помніку выбіта чатырохрадкоўе Сыса:

«Як па зорах, па расе
Твой апошні шлях праляжа.
Памірай, а жыта сей —
Рунь пра сейбіта раскажа».

Аўтар помніку — Генадзь Лойка. Ён больш як год працаваў над яго вырабам. Збор сродкаў правялі рок‑музыканты, пісьменьнікі, сябры і прыхільнікі таленту паэта.

Анатоль Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 года ў вёсцы Гарошкаў. Вучыўся ў Гомельскім дзяржунівэрсытэце. Разам з Адамам Глёбусам у 1987 годзе заснаваў аб’яднаньне маладых пісьменьнікаў «Тутэйшыя». Памёр 4 траўня 2005 года ў Менску, пахаваны на радзіме. Аўтар паэтычных зборнікаў «Агмень» (1988), «Пан Лес» (1989), «Сыс» (2002) і «Лён», які быў выдадзены ўжо пасьля сьмерці паэта.

Паводле: Алена Германовіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0