Федэральная служба выканання пакаранняў Расіі (ФСВП) паставіла перад сабой задачу цалкам забяспечыць зняволеных прадуктамі ўласнай вытворчасці. Пакуль жа ў калоніях вырабляецца траціна ад спажыванага мяса і палова капусты, але затое 100% буракоў, паведамляе ВВС.
ria.ru
«Перад усімі рэгіянальнымі упраўленнямі ФСВП стаіць задача поўнага самазабеспячэння харчаваннем падведамных устаноў», — сказаў намеснік дырэктара службы Алег Коршунаў.
Гэта робіцца для эканоміі. «Пераход крымінальна-выканаўчай сістэмы на стопрацэнтнае самазабеспячэнне звязаны, перш за ўсё, з неабходнасцю скарачэння бюджэтных расходаў», — прызнаў Коршунаў на нарадзе ў Іванаўскай вобласці.
Цяпер, паводле яго даных, папраўчыя калоніі вырабляюць 32% усіх запасаў мяса ва ўстановах ФСВП. «А ў 2017 годзе плануецца павялічыць гэтую лічбу да 68%», — сказаў намеснік дырэктара службы. Гэта запісана ў праграме забеспячэння харчовай бяспекі ФСВП.
У якасці прыкладу Коршунаў прывёў Іванаўскую вобласць, дзе вырабляюць 88% ад спажыванага малака і 52% капусты, а сваёй бульбай, агуркамі, морквай і бураком зняволеныя ў гэтым рэгіёне забяспечаны на 100%.
У іванаўскіх установах ФСВП вырошчваюць свіней, авечак, буйную рагатую жывёлу, трусоў і курэй-нясушак.
У перспектыве ФСВП плануе вывесці свае прадукты на рынак, паабяцаў Коршунаў.
У Расіі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіцца каля 650 тысяч чалавек.