Пра гэта распавёў адзін з кіроўцаў, які ўжо больш за 6 гадоў ездзіць па дарогах Заходняй Еўропы.
Паводле яго словаў, інцыдэнт адбыўся 18 студзеня.
Беларусы на трох гружаных фурах вярталіся ў Беларусь па шашы S8 Варшава — Беласток. Каля Замбрува зламалася першая машына, паведамляе AutoGrodno.by.
Ілюстрацыйнае фота. Obozrevatel.com
Усе тры спыніліся для рамонту і занялі палову паласы на дарозе з адной паласой руху ў кожны бок, аднак легкавыя аўтамабілі маглі без праблем размінуцца. Палосы падзяляла двайная суцэльная лінія разметкі.
Пасля пачатку рамонту пад'ехала паліцыя. Яны забралі дакументы і дазволілі адрамантаваць машыну за 10 хвілін, іначай — штраф.
Як кажуць кіроўцы, праз 10 хвілін грузавік завёўся, але паліцыя дакументы не вярнула.
Супрацоўнік заявіў, што аўтамабіль рамантаваўся занадта доўга і што ён ужо выклікаў эвакуатар. На ўсіх кіроўцаў надзелі кайданкі.
У паліцыі на беларусаў склалі пратаколы і растлумачылі, што яны спыніліся на двайной суцэльнай лініі разметкі, чаго рабіць нельга.
Кіроўцаў абшукалі, забралі тэлефоны і пасадзілі ў асобныя камеры з матрацамі і пледамі, кармілі бутэрбродамі, піць яны маглі толькі ваду з-пад крана, калі хадзілі ў туалет. У камерах гродзенцы правялі паўтара дні.
Суд адбыўся 20 студзеня. Беларусам прысудзілі штрафаў на 9990 злотых, гэта 2500 даляраў. Яго аплаціў прадстаўнік транспартнай фірмы.