Пінскі міжраённы аддзел Следчага камітэта завяршыў расследаванне справы па частцы 3 артыкула 205 КК (крадзеж, учынены групай асоб, у буйным памеры) у дачыненні да сямі мужчын, якія абвінавачваюцца ў крадзяжы маёмасці Брэсцкага філіяла РУП «Белтэлекам».

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, фігуранты крымінальнай справы з 14 мая па 19 ліпеня 2016 года на тэрыторыі Драгічынскага, Іванаўскага і Пінскага раёнаў выкапалі з грунту і выкралі больш як 9 тыс. метраў кабеля лініі сувязі. Зламыснікі здымалі з яго ізаляцыю і здавалі як лом каляровага металу.

Мужчыны перамяшчаліся на асабістых аўтамабілях, пераважна ў цёмны час сутак, і зрабілі каля 30 паездак.

З-за таго што ў той перыяд лінія сувязі знаходзілася без напружання, крадзяжы былі выяўленыя ў пачатку ліпеня рабочымі прадпрыемства падчас правядзення бягучага рамонту. Затым інжынер «Белтэлекама» пры аб'ездзе ўчастка заўважыў падазроны транспартны сродак і паведаміў у праваахоўныя органы.

Зламыснікаў затрымалі ў лясным масіве. Там жа быў знойдзены тайнік, у якім знаходзіліся каля 220 метраў выкрадзенага кабеля.

Агульны памер нанесенай шкоды склаў больш за 15 тыс. дэнамінаваных рублёў. На маёмасць абвінавачаных такім жа коштам накладзены арышт. Каля 8 тыс. рублёў імі кампенсавана падчас следства.

Матэрыялы крымінальнай справы вывучаныя пракурорам і накіраваныя для разгляду ў суд.

Абвінавачаныя — жыхары Брэсцкай вобласці. Малодшаму з іх 23 гады, старэйшаму — 40.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?