Суды сталі часьцей выносіць апраўдальныя прысуды па палітычна матываваных справах або адкладаць вынясеньне рашэньня пасьля таго, як некалькіх «судзьдзяў-перадавікоў» уключылі ў сьпісы «неўязных» краіны Эўразьвязу і ЗША.

Судовы працэс па закрыцьці Саюзу беларускіх пісьменьнікаў 5 траўня быў адкладзены судзьдзём Вярхоўнага суду Ігарам Мільтом на няпэўны час.

Мін’юст закідаў грамадзкай арганізацыі «няправільную» шыльду (з «Пагоняй»), неадпаведную форму пячаткі й блянкаў, страту арыгіналу Статуту й арганізацыю зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). На ўсе закіды пісьменьнікі знайшлі свае доказы: а) шыльда вісіць на будынку, які належыць не арганізацыі, а Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта; б) пячатка й блянкі даўно пераробленыя пасьля заўваг Мін’юсту; в) арыгіналу Статуту няма, але ёсьць завераная самім міністэрствам копія; г) да арганізацыі зьезду пісьменьнікі ня маюць аніякага дачыненьня, што пацьвердзіў у судзе й намесьнік старшыні партыі Ўладзімер Нісьцюк.

Перакладчык Лявон Баршчэўскі кажа: «Міністэрства юстыцыі села ў лужыну. А што яно хацела, калі справа была выссана з пальца».

Намесьнік старшыні СБП Міхась Скобла лічыць рашэньне судзьдзі перамогай: СБП стаў першай грамадзкай арганізацыяй за апошнія гады, якую пасьля пазову Мін’юсту не зачынілі зь першага заходу.

Наколькі рэальнай застаецца пагроза закрыцьця? Працэс адкладзены «на няпэўны час». Выказваюцца меркаваньні, што адклад можа працягнуцца да саміту G8. Іншыя зважаюць на тое, што суды сталі часьцей выносіць апраўдальныя прысуды ў палітычна матываваных справах або адкладаць вынясеньне рашэньня пасьля таго, як некалькіх «судзьдзяў-перадавікоў» уключылі ў сьпісы «неўязных» краіны Эўразьвязу і ЗША.

Ніхто зь пісьменьнікаў ня верыць, што ўлады зьлітаваліся над найстарэйшым творчым саюзам. Кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў па-ранейшаму разглядае варыянт рэгістрацыі за межамі Беларусі ў выпадку закрыцьця арганізацыі ў Беларусі. Месцам «легалізацыі» можа стаць Масква або Кіеў ці Вільня.

Увосень мае адбыцца чарговы справаздачна-выбарны зьезд СБП, дзе і будзе вырашацца далейшы лёс арганізацыі.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0