Арганізатары найбуйнейшага ва Ўсходняй Еўропе шоўкейс-фестывалю Tallinn Music Week, галоўныя канцэрты якога адбудуцца з 30 сакавіка па 1 красавіка 2017 году, абвесцілі пра прыём заявак ад беларускіх музыкаў.

Фестываль адбудзецца ўжо ў дзявяты раз. З невялікага рэгіянальнага мерапрыемства ён ператварыўся ў адзін з галоўных еўрапейскіх шоўкейсаў і ў 2016 годзе пабіў уласныя рэкорды. На ўдзел у ім было пададзена 1300 заявак ад артыстаў з 47 краін, для выступаў былі абраныя 250 артыстаў з 33 краін. Канцэрты наведала больш за 34 тысячы гледачоў, у прафесійнай канферэнцыі ўзялі ўдзел больш за 600 замежных дэлегатаў, мерапрыемства асвятлялі больш за 130 замежных журналістаў.

Беларусь актыўна ўдзельнічае ў Tallinn Music Week ужо тры гады. За гэты час на фестывалі выступіла 10 беларускіх артыстаў, большасць з якіх па выніках мерапрыемства здолелі атрымаць практычныя прапановы. Адсюль Super Besse патрапілі на фестываль Positivus у Латвіі, «Петля пристрастия» — на фестываль Manka Boutique Pop у Эстоніі, Mustelide — на Colisium Music Week у Санкт-Пецярбургу, а Teleport — на галоўны нямецкі шоўкейс-фестываль Reeperbahn у Гамбургу. Партнёрам Tallinn Music Week у Беларусі з’яўляецца сайт Experty.by.

— Кожны год мы адкрываем для сябе новых артыстаў з Беларусі, якіх потым мы бачым на розных мерапрыемствах у Еўропе. Гэта значыць, што з аднаго боку вашыя артысты маюць патрэбны якасны ўзровень. З іншага, што нашы букінг-агенты, якія абіраюць з тысячы з лішкам заявак, добра робяць сваю працу. Гэта слушнае спалучэнне, — кажа дырэктар фестывалю Хелен Сілдна.

Удзел у музычнай праграме Tallinn Music Week бясплатны. Артыстам забяспечваюць абсталяванне для выступу і жытло на дзень канцэрта. Заяўкі ад артыстаў (ад пап і рок-музыкі да электронікі і металу) прымацца да 1 лістапада 2016 году праз анлайн-форму. Іншыя варыянты ўдзелу ў фестывалі на сайце Experty.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0