У рэдакцыю «Газеты Слонімскай» звярнуліся жыхары вёскі Грынка Слонімскага раёна.

Незадаволеныя вяскоўцы наракаюць на тое, што за пасадку бульбы, якую на сяле вырошчваюць калектыўна на адным полі, адзін чалавек за дзялянку заплаціў прыкладна па 700-800 тысяч рублёў.

Людзі стаяць на бульбяным полі ў вёсцы Грынка

Людзі стаяць на бульбяным полі ў вёсцы Грынка

Для простага вяскоўца гэта немалыя грошы. А вось ўраджай, па ўсёй бачнасці, будзе толькі ў старшыні і яго атачэння. Менавіта так адзначаюць жыхары вёскі Грынка.

Першае, чым незадаволеныя жыхары, так гэта месцам пасадкі, якое абрала для іх кіраўніцтва калгаса.

— Згодна з чаргой, нашыя дзялянкі на поле павінны былі быць у пачатку поля, але іх чамусьці заняў старшыня і адміністрацыя гаспадаркі. Таксама СВК павінен быў апрацоўваць палі хімічнымі сродкамі супраць пустазелля і шкоднікаў. Толькі вось чамусьці дзялянкі, дзе пасаджаная бульба жыхароў вёскі Грынка, параслі бур'яном.

Выходзіць, яны не апрацаваныя. У той жа час ўчасткі адміністрацыі гаспадаркі і старшыні ідэальна дагледжаныя.

«Няўжо для нас не хапіла гэтай хіміі? Бо мы ж за гэтую паслугу заплацілі, як і ўсе», — незадаволена заяўляюць вяскоўцы.

Напрыклад, як патлумачыў карэспандэнту «ГС» вясковец Пётр Іванавіч Мялешка, усе пытанні перад пасадкай бульбы яны ўзгаднялі са старшынём СВК «Дружба-Агра». І пытанняў не ўзнікала.

— Прыходзіць час збіраць бульбу, а караняплодаў у нас практычна няма, — кажа мужчына.

— А вы звярталіся да старшыні з гэтым пытаннем?

— Так. Ён нам сказаў, што над нашымі соткамі прайшлі дажджы, таму ў нас неўраджай.

— А чаму ваша месца па чарговасці размяшчэння участкаў заняў старшыня. Ён вам растлумачыў?

— Ён сказаў, што так атрымалася …

Пётр Іванавіч Мялешка кажа, што доўгі час прапрацаваў у калгасе і добра ведае гэтыя палі. Кажа, што на дзялянках, якія ім адвялі, праводзілася меліярацыя, таму на іх вырасціць добры ўраджай бульбы будзе складана.

Карэспандэнт паспрабаваў высветліць сітуацыю, якая склалася ў кіраўніцтва СВК «Дружба-Агра» і набраў нумар тэлефона (029) 669-45-92 старшыні.

На званок адказаў мужчына. Ён не захацеў прадставіцца, але ахвотна пракаментаваў пытанне наконт прэтэнзіяў людзей:

— Усе дакументы па апрацоўцы поля ў нас маюцца, калі хочаце, можаце прыязджаць сфатаграфаваць для вашага матэрыялу. Мы сваю задачу выканалі, людзі могуць прыязджаць і збіраць бульбу.

— Але жыхары вёскі Грынка наракалі таксама на тое, што чарга пасадкі бульбы не была выкананая, кажуць, што іх месца заняў старшыня. Што з гэтай нагоды можаце сказаць?

— Чарга была выкананая, а да вас звярнуліся пенсіянеры, якія і не ведаюць, дзе іх соткі знаходзяцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?