Кіраўнік федэрацыі спартыўнай барацьбы Расіі і цяперашні саўладальнік «Трайпла» Міхаіл Маміяшвілі, які мае дачыненне да напісання ліста ў Камітэт дзяржбяспекі на свайго даўняга таварыша Уладзіміра Япрынцава, меркаваў, што той адправіцца ў КДБ на пару гадзін, а не будзе затрыманы надоўга. Пра гэта распавёў падчас допыту ў судзе ў пятніцу абвінавачваны Аляксандр Арабян.

Аляксандр Арабян. Фота Дзмітрыя Брушко, TUT.BY

Аляксандр Арабян. Фота Дзмітрыя Брушко, TUT.BY

Абвінавачаны распавёў, што ўвечары 11 жніўня 2015 года ён даведаўся пра затрыманне Уладзіміра Япрынцава і яго сына Казбека. На наступны дзень ён датэлефанаваўся Юрыю Савяку, які ўжо ведаў пра гэта («Я не ўяўляў тады, што ён мог быць датычным да гэтага», — удакладніў Арабян) і адказаў Арабяну, маўляў, «гэта жах, трэба нешта рабіць».

«У Міхаіла Геразіевіча [Маміяшвілі], калі я прыляцеў да яго 13 жніўня [у Маскву], стан быў прыкладна такі ж, як ва Уладзіміра Япрынцава, калі яму Казбек прызнаўся [у маштабах фінансавых праблем]… Я не ўяўляў тады, што гэта яны з Савяком пісалі заяву [на Япрынцава-старэйшага]. Мы былі з Маміяшвілі ўдваіх у кабінеце. Прыйшоў Аксенцьеў, пачаў паводзіць сябе не вельмі адэкватна, казаў, што гэта вы падстроілі, што Вова ўсё скраў, пішы, маўляў, заяву», — распавёў абвінавачваны.

Ён удакладніў, што ў дзіўнай адвольнай форме на патрабаванне Аксенцьева напісаў у «ФСБ Беларусі», што ён і Казбек ўзялі грошы, пасля чаго крэдытор «псіхануў і выйшаў». «Міхаіл Геразіевіч сказаў: ты што, дурань ці што? І скамячыў паперу. Абураўся, чаму адразу не сказалі [пра памеры даўгоў і праблемы праз страты на «Форэксе»], мы б усё вырашылі, не чужыя, маўляў, людзі… А цяпер трэба з Анзорам (Іосіфам Аксенцьевым) вырашаць, яму аддаць. Міхаілу Геразіевічу пры мне патэлефанаваў Юрый Аляксандравіч [Чыж]. Маміяшвілі пачаў гарлапаніць на яго: «нахрэн ты ўсё гэта зрабіў? У сэнсе навошта. Маўляў, ты ж казаў, што Вова на пару гадзін [ў КДБ]», — распавёў Арабян.

Потым Маміяшвілі зрабіў некалькі званкоў і сказаў, што ў вышуку Арабяна няма, параіўшы «ехаць у Ерэван, а ў Мінск лепш не совацца».

29 верасня Арабян ў Маскве зноў сустракаўся з Савяком і Маміяшвілі. «Увечары планавалі сустрэчу з нейкім спецыялістам. Міхаіл Геразіевіч задаў пытанне, чым дапамагчы. Потым я паехаў у гатэль, збіраўся ляцець. Мы з ім павячэралі ў рэстаране, каля Крамля, пагаварылі, потым ён выйшаў пагаварыць. Ён вярнуўся хвілін праз 40, сказаў, што тэлефанаваў Юрый Аляксандравіч [Чыж], хоча, маўляў, са мной сустрэцца на мяжы. Я разумеў, што калі еду, то назад не вяртаюся. Маміяшвілі намякнуў, што Чыж мае дачыненне да гэтага. Мы селі з яго [Маміяшвілі] людзьмі ў машыну, паехалі. Міхаіл Геразіевіч па дарозе некалькі разоў тэлефанаваў. На мяжы нас сустрэла машына Чыжа, 0708 джып, паехалі ў Дразды да яго. Гэта раніцай было [30 верасня]. Але кіроўца сказаў, што Юра сустракацца не будзе, мы селі ў машыну і паехалі ў КДБ», — распавёў Арабян дэталі свайго затрымання. «Пакуль размаўлялі ў Маскве з Савяком і Маміяшвілі, прэтэнзій да мяне ці Казбека ніякіх не было. У іх было пытанне адно, каб Вова выйшаў», — дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?