Намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі Георгій Еўчар падзяліўся падрабязнасцямі затрымання футбаліста «Ашмянаў» Сяргея Булыненка.
— Вы ўжо сказалі пра тое, што не было збіцця футбаліста, а было сілавое затрыманне. Можа быць, ужо высветлілі, адкуль у яго траўмы, з якімі ён апынуўся ў лякарні?
— Па гэтым факце праводзіцца праверка. Але я яшчэ раз паўтару: тэрмін «збіццё» азначае, што чалавека збіваюць. Тут жа было сілавое затрыманне, а таксама спыненне супрацьпраўных дзеянняў, якія выяўлялася ў выглядзе аказання супраціву супрацоўнікам праваахоўных органаў.
— То бок можна сказаць, што траўмы атрыманыя ў выніку сілавога затрымання?
— Так, траўмы атрыманыя ў выніку сілавога затрымання. А фраза «збіццё супрацоўнікам міліцыі» абсалютна не адпавядае рэчаіснасці. Справа ў тым, што падчас сілавога затрымання бываюць моманты прычынення цялесных пашкоджанняў.
Больш за тое, бацькам футбаліста ад імя кіраўніцтва ГУБАЗіК на наступны дзень былі прынесены прабачэнні.
— Скажыце, які стан супрацоўніка міліцыі, якога ударыў футбаліст? Ён можа цяпер выконваць свае абавязкі?
— Можа.
- І яшчэ адно пытанне. Ёсць нестыкоўка: у вашым каментары для «Панарамы» вы кажаце аб адным ўдары нагой у грудзі супрацоўніка міліцыі, а ў афіцыйным прэс-рэлізе МУС сказана пра тое, што футбаліст «некалькі разоў нанёс удар нагамі ў грудзі супрацоўніку спецпадраздзялення». Дзе было сказана правільна?
— Ну, давайце арыентавацца на афіцыйны прэс-рэліз. Але сэнс жа адзін і там, і там: быў аказаны супраціў, таму ўжытая фізічная сіла, — сказаў Яўчар.