У снежні мінулага года былога намесніка міністра сельскай гаспадаркі Васіля Півавара спачатку вызвалілі ад займанай пасады, а потым і зусім узялі пад варту. У чым ён правініўся, да гэтага часу было невядома. Сёння кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч раскрыў таямніцу: экс-чыноўнік датычны да гучнага скандалу на Гомельскім мясакамбінаце.

— Васіль Півавар арыштаваны па так званай справе аб пашкоджанні мяса на Гомельскім мясакамбінаце. Там было сапсавана каля ста тон мяса, — распавёў Іван Наскевіч. — Следства працягваецца. Канчатковае абвінавачванне Півавару і іншым службовым асобам яшчэ не прад'яўлена.

Па гэтай крымінальнай справе акрамя Васіля Півавара праходзіць яшчэ больш за дзесяць чалавек. Іх дзеянні кваліфікаваныя як злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

Па версіі следства, падазраваныя хавалі сапраўдны стан спраў на Гомельскім мясакамбінаце. Яны не змаглі забяспечыць належныя ўмовы захоўвання прадукцыі. З-за гэтага з мая па снежань на прадпрыемстве згніло больш за сто тон мяса.

— Насуперак патрабаванням нарматыўных актаў, якія прадпісваюць утылізацыю такой прадукцыі, мясакамбінат арганізаваў перапрацоўку і рэалізацыю сапсаваных прадуктаў, што паставіла ў небяспеку жыццё і здароўе грамадзян, — каментавалі крымінальную справу ў Следчым камітэце.

Пад вартай сёння знаходзіцца і іншы буйны чыноўнік — былы міністр гандлю Валянцін Чаканаў. Яго падазраюць у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. Але ў чым канкрэтна, у СК пакуль не гавораць. Следства працягваецца.

— На тэрміны гэтага расследавання вялікі ўплыў аказвае выкананне даручэння аб аказаннi прававой дапамогi з боку Расійскай Федэрацыі, — сказаў Іван Наскевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?