На Трафальгарскай плошчы ў Лондане адкрылі копію старажытнай аркі з Пальміры, якую разбурылі баевікі групоўкі «Ісламская дзяржава».
Reuters
У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел мэр Лондана Барыс Джонсан.
Арка вышынёй 6 метраў зробленаz з егіпецкага мармуру. Яна крыху менш за разбураную Трыумфальную арку Пальміры, якой было 2 тысячы гадоў.
Арку ўзнавіў Інстытут віртуальнай археалогіі з дапамогай фатаграфій з розных сайтаў і 3D-тэхналогій. Гэтая арганізацыя займаецца рэканструкцыяй помнікаў, знішчаных падчас канфліктаў. Сама арка была выразаная на поўначы Італіі ў Таскане.
У Лондане арка прастаіць тры дні, а затым пераедзе ў іншыя гарады, у тым ліку Нью-Ёрк і Дубай.
BBC
«Ісламская дзяржава» заняла Пальміру ў маі 2015 года. Ісламісты разбурылі на тэрыторыі старажытнага горада шэраг збудаванняў.
Акрамя аркі былі разбураныя і два буйныя храмы, якім таксама каля 2 тысяч гадоў. Ад самой аркі засталіся толькі дзве калоны і абломкі, раскіданыя па зямлі.