Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў апублікаваў у сваім акаўнце ў Youtube рэпартаж пра выпрабаванні новай кіраванай ракеты ўкраінскай вытворчасці.
Фота: Дзяніс Макрушын
Па ягоных словах, ракета цалкам выканала планавае заданне і трапіла дакладна ў цэль.
«Перад абаронна-прамысловым комплексам, перад нашымі вучонымі і канструктарамі было пастаўленае заданне забяспечыць вытворчасць украінскіх ракет без адзінай камплектуючай з РФ», — распавёў Турчынаў.
Канкрэтныя назвы, індэксы ці характарыстыкі новага боепрыпасу не паведамляліся.
Блізкі да расійскага Цэнтра аналізу стратэгій і тэхналогій блог bmpd.livejournal.com піша, што пуск быў зроблены з самаходнай устаноўкі на беларускім колавым шасі МАЗ-543, і, верагодна, гэта было першае выпрабаванне 300-мм ракеты «Вільха» з рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Смерч».
Распрацоўку ракеты «Вільха» вядзе Канструктарскае бюро «Паўднёвае» ім. М.К.Янгеля (Днепрапятроўск), сістэму кіравання робіць Кіеўскае канструктарскае бюро «Луч».