Нядаўна «Наша Ніва» апублікавала фота са збораў у Тайландзе, дзе на зорцы беларускага муай-тай Кацярыне Вандар'евай была надзета саколка з нашым гістарычным гербам «Пагоня». 

Матэрыял сабраў шмат захопленых каментарыяў, але, відаць, праз нейкага дурня нашкодзіў самой Кацярыне. 

На днях яна апублікавала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку вось такі допіс. 

«Хачу развеяць некаторыя брудныя чуткі па мяне, якія актыўна «гуляюць» на прасторах інтэрнэту ў апошнія дні, — піша Вандар'ева. — Нядаўна на старонках некаторых апазіцыйных газет і інтэрнэт-парталаў з'явіўся артыкул, дзе выкарыстаныя мае фота. Сэнс артыкулаў наступны: Вандар'ева носіць майку з гербам «Пагоня» і, значыць, яна «наша» — «апазіцыянерка». Далей ідзе спасылка на «Інстаграм» аднаго дзіўнага чалавека, які гэтыя фота знайшоў у інтэрнэце і «патрэбным» чынам пракаментаваў.

«Дык вось, я не маю ніякага дачынення ні да апазіцыі, ні да герба «Пагоня» як яе сімвала. Ніякім бокам я ніколі не кранала палітыкі і сувенірная прадукцыя на мне ніколі не мела дачынення да герба «Пагоня» ў плане апазіцыі. Я займаюся спортам, дабрачыннасцю, сваім асабістым жыццём, працай, чаго і ўсім жадаю. А тым, хто сочыць за маімі інтэрв'ю ў тым ліку і на расійскіх сайтах, вельмі настойліва прашу чытаць толькі тыя артыкулы, якія я сама асабіста выкладваю ў сацыяльныя сеткі, бо 60% «інтэрв'ю са мной» з'яўляюцца поўнай выдумкай жоўтых СМІ», — працягвае баксёрка.

«Гэтыя СМІ не звяртаюць ніякай увагі на фота, якое ўжо некалькі гадоў стаіць на галоўнай старонцы ў мяне ў Фэйсбуку, і якое відавочна супярэчыць таму, што яны прыдумляюць, запісваючы мяне ў шэрагі апазіцыі.

Спрабуючы дамагчыся папулярнасці і атрымаць замежныя гранты, змагаючыся «з дыктатурай», гэтыя СМІ не грэбуюць выкарыстоўваць хлусню і паклёп. Спрабуюць знайсці ПАЛІТЫКУ нават там, дзе яе няма і быць не можа».

«Для мяне існуючы герб, сцяг і гімн маёй краіны святыя, для іх дэманстрацыі я выйгравала чэмпіянаты. А ўсё астатняе — хлусня і выдумкі няўдачнікаў ў жыцці і палітыцы».

«Вось цікава, гэта мой ліст гэтыя СМІ апублікуюць ці не?», — задаецца пытаннем Кацярына напрыканцы допіса. 

Ліст Вандар'евай яе фрэнды як Укантакце, так і ў фэйсбуку сустрэлі пераважна маўчаннем.

Адзін з фанаў спартоўкі адрэагаваў так: «Кацярына, мы ўсё адно цябе любім і цэнім! І разумеем, чаму ты гэта напісала. Перамагай! Мы проста захапляемся людзьмі, якія шануюць нашыя нацыянальныя сімвалы і праслаўляюць Беларусь. Вялікая павага за тое ранейшае фота. Зычым далейшых поспехаў на спартыўнай ніве!». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?