Ва ўзросце 107 гадоў памёр іспанскі доўгажыхар Антоніа Дакампа Гарсія, які цалкам замяніў ваду ў сваім рацыёне чырвоным віном. Пра гэта паведамляе газета «А-Бэ-Сэ».
lifestyleofabonvivant.com
Як адзначыў яго сын Мануэль Дакампа Лопэс, на працягу многіх гадоў мужчына не браў ні кроплі вады ў рот, з кожным прыёмам ежы выпіваючы да 1,5 літра віна. Але не простага, а вырабленага на ўласнай вінакурні без якіх-небудзь кансервантаў. «Калі выраблялася 60 тысяч літраў віна ў год, то 3 тысячы ён пакідаў сабе для асабістага карыстання, — адзначыў Лопэс. — Яго любоў да віна была бязмежнай».
Антоніа пачаў займацца вінаградарствам і вырабам чырвонага віна адразу пасля Грамадзянскай вайны (1936-1939 гг.). Пазней ён прысвяціў віну ўсё астатняе жыццё, што і дазволіла яму прытрымлівацца гэтак незвычайнага рацыёну. Упершыню антыбіётыкі доўгажыхар прыняў ва ўзросце 103 гадоў.
Пасля сябе Антоніа Дакампа Гарсія пакінуў чатырох дзяцей, семярых унукаў, дзесяць праўнукаў і аднаго прапраўнука.