Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе адмовіцца ад паездак на асабістым транспарце на далёкія адлегласці ва ўмовах моцных маразоў, паведамілі ва УДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.
Рэкамендацыя асабліва датычыцца ўладальнікаў дызельнага аўтатранспарту, адзначылі ў ДАІ.
«У выпадку крайняй неабходнасці адпраўляйцеся ў дарогу, папярэдне праверыўшы аўтамабіль і пераканаўшыся ў яго тэхнічнай спраўнасці, каб не апынуцца на трасе ў небяспечнай сітуацыі. Абавязкова трэба праверыць узровень тэхнічных вадкасцей і спраўнасць акумулятара. Цёпла апраніцеся, вазьміце ў дарогу зараджаны мабільны тэлефон, буксіровачны трос, шуфаль і тэрмас з гарбатай», — звяртаюць увагу супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі.
ДАІ рэкамендуе кіроўцам не забываць пра павышаныя меры бяспекі на непрадказальнай зімняй дарозе, выбіраць бяспечную хуткасць руху з улікам стану праезнай часткі, павялічыць дыстанцыю і бакавы інтэрвал, пазбягаць рэзкіх манеўраў.
Работа асабовага складу дарожна-патрульнай службы ДАІ арыентавана на аказанне дапамогі кіроўцам і пешаходам і забеспячэнне бяспечных умоў руху.