Даніэла ў Мінску, 12 студзеня 2016 г, фота Сяргея Гудзіліна

Паўднёвы цыклон «Эма» зноў прынясе ў Беларусь снегапады, вецер і аранжавы ўзровень небяспекі па ўсёй краіне.

Пра гэта распавёў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметцэнтра Дзмітрый Рабаў.

У суботу, 16 студзеня, надвор'е ў Беларусі надвор'е будзе вызначаць цыклон, які змяшчаецца з Карпат на паўднёвы ўсход Беларусі. На большай частцы тэрыторыі краіны працяглы снег, мокры снег, завіруха, на дарогах снежныя заносы.

Ноччу па паўднёвым захадзе, раніцай і днём у многіх раёнах моцны снег.

У паўднёва-ўсходніх раёнах месцамі наліпанне мокрага снегу, галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Месцамі ўзмацненне ветру парывамі да 15-18 м/с. Тэмпература паветра мінімальная ноччу -3 -9°С, па поўначы -10 -15°С, пры праясненнях да -16 -20°С; максімальная днём -3 -9°С, па поўдні 0, -2°С.

У Мінску чакаецца працяглы снег, раніцай і днём моцны снег, мяцеліца, на дарогах снежныя заносы, парывісты вецер. Тэмпература ноччу -6 -8, днём -3 -5°С.

«Вышыня снежнага покрыва па краіне і ў Мінску вырасце яшчэ 10—15 см. Прычым у сталіцы асноўная маса снегу выпадзе ў першай палове дня. Нагадаю, што ў час «Даніэлы», раніцай 12 студзеня з 6 да 9 раніцы вышыня снежнага покрыва павялічылася на 10 см — і вы памятаеце, што Мінск практычна стаў», — распавёў Рабаў.

Аранжавы ўзровень небяспекі на суботу абвешчаны на ўсёй тэрыторыі краіны.

Дзмітрый Рабаў таксама адзначыў, што па сіле «Эма» будзе супастаўная з «Даніэлай», але значна слабейшая «Хаўера».

17 студзеня, у нядзелю ўначы Беларусь будзе знаходзіцца ў тылавой частцы цыклона, які перамяшчаецца на Цвярскую вобласьць, днём на тэрыторыю Беларусі чакаецца паступленне няўстойлівага халоднага паветра з Балтыкі. Надвор'е будзе ўжо спакойным, але пры гэтым ўзмоцняцца маразы.

Ноччу пераважна па ўсходняй палове краіны, днём у асобных раёнах кароткачасовы снег, ноччу слабая завіруха. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ноччу -8 -15°С, пры праясненнях да -20°С, максімальная днём -6 -13°С.

У пачатку тыдня захаваецца марознае і спакойнае надвор'е:

18 студзеня, у панядзелак, у асобных раёнах невялікі кароткачасовы снег, ноччу і раніцай слабы туман, шэрань. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ноччу -9 -16°С, пры праясненнях да -20°С, максімальная днём -3 -10°С.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?