Рух па першым участку другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Мінска (МКАД-2) будзе поўнасцю адкрыты 16 снежня, паведаміла прэс-сакратар Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Кацярына Грыб.

Рух адкрываецца па чацвёртай і пятай чэргах другой МКАД на ўчастку ад дарогі Р-28 Мінск — Маладзечна — Нарач да аўтатрасы М-6 Мінск — Гродна. Такім чынам, з гэтай даты для транспарту стане поўнасцю даступным каля 47 км новай аўтадарогі, якая злучыла віцебскую і гродзенскую шашы, удакладніла прэс-сакратар. «З пускам руху па першым участку МКАД-2 з'явіцца магчымасць накіраваць транзітныя патокі з гродзенскага і віцебскага напрамкаў у абход сталіцы. Новая дарога з'яўляецца бясплатнай і ўвядзенне платы за праезд па ёй не плануецца», — звярнула ўвагу Кацярына Грыб.

Яна канстатавала, што карыстальнікі атрымліваюць камфортную чатырохпалосную шашу з цэментабетонным пакрыццём, якое адпавядае сучасным патрабаванням. МКАД-2 мае па дзве паласы руху ў кожным напрамку, масты і пуцеправоды, якія раздзяляюць транспартныя патокі, двухбаковую бар'ерную агароджу па восі дарогі для выключэння лабавых сутыкненняў, сеткавую агароджу ад жывёл уздоўж трасы ў раёне лясных масіваў, светлавыя табло для інфармавання вадзіцеляў аб сітуацыі на дарозе.

Як падкрэсліла прэс-сакратар, першы этап узвядзення другой кальцавой быў падзелены на некалькі чэргаў. На першых трох работы былі завершаны раней, і 6 кастрычніка адбылося іх урачыстае адкрыццё з удзелам кіраўніка дзяржавы. У цэлым будаўніцтва МКАД-2 падзелена на два этапы. Работы па першым з іх цяпер завяршаюцца. На другім этапе плануецца пабудаваць дарогу працягласцю 41,4 км, якая злучыць гродзенскую і брэсцкую шашы. Гэтыя работы прадугледжваецца завяршыць у 2017 годзе. Агульная працягласць МКАД-2 складзе амаль 160 км (новае будаўніцтва — каля 90 км, а таксама існуючыя ўчасткі аўтадарог М-1/Е30, М-2 і Р-80 — 70 км).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?