Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў прыбыў вечарам 27 лістапада з афіцыйным візітам у Беларусь.
Праграмай візіту, які працягнецца па 28 лістапада, запланаваны перамовы кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка азербайджанскай дзяржавы ў вузкім і пашыраным складах, а таксама падпісанне міжнародных дакументаў.
Паведамляецца, што сустрэчу Лукашэнкі і Аліева пакажуць у 10:50 у жывым эфіры па «Беларусь-1».
Чакаецца, што Ільхам Аліеў ускладзе вянок да манумента Перамогі ў Мінску, наведае Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Апошні раз кіраўнікі дзяржаў сустракаліся 12 чэрвеня ў Баку перад афіцыйнай цырымоніяй адкрыцця I Еўрапейскіх гульняў. Прэзідэнты адзначылі добрыя адносіны паміж Беларуссю і Азербайджанам.
Аляксандр Лукашэнка не раз казаў пра тое, што ўлады Азербайджана гатовыя «падставіць плячо» Беларусі ў цяжкую хвіліну. У 2010 г «Газпром» пачаў абмяжоўваць у Беларусь пастаўкі газу, патрабуючы аплаціць запазычанасць у 190 млн даляраў. На працягу некалькіх дзён Беларусь пагасіла запазычанасць.
Лукашэнка сказаў, што звярнуўся да сяброў па дапамогу і яны пазычылі грошы. Пазней ён удакладніў, што гаворка ідзе пра Азербайджан.