Туніс на 15 дзён закрывае мяжу з Лівіяй пасля тэракту 24 лістапада, паведамляюць інфармагенцтвы.

Рашэнне аб закрыцці межаў з Лівіяй прынята на пасяджэнні Нацыянальнай рады бяспекі Туніса. Рашэнне рады ўступіць у сілу 26 лістапада ў 0.00 па мясцовым часе. На астатніх сухапутных і марскіх межах меры бяспекі ўзмоцненыя.

Акрамя таго, удзельнікі пасяджэння пастанавілі зрабіць больш жорсткім кантроль за асобамі, якія вяртаюцца з Сірыі, Лівіі і Ірака, і праверыць прававы статус замежнікаў, якія знаходзяцца ў Тунісе. Сярод іншых рашэнняў — блакіроўка сацыяльных сетак, звязаных з тэрарызмам.

Раней прэзідэнт Туніса Бэджы Каіды эс-Сэбсі ўвёў у краіне рэжым надзвычайнага становішча на 30 дзён. У гэты перыяд у сталіцы і прыгарадах будзе дзейнічаць каменданцкая гадзіна.

Тэракт адбыўся ўвечары 24 лістапада ў цэнтры туніскай сталіцы. Тэрарыст-смяротнік падарваў аўтобус, які перавозіў супрацоўнікаў службы аховы прэзідэнта. Паводле папярэдніх дадзеных, загінулі 13 чалавек, яшчэ 20 атрымалі раненні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?