Людзі ва ўсім свеце недастаткова інфармаваныя пра дзеянне антыбіётыкаў на арганізм. Да такой высновы прыйшлі эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).

Fotolia

Fotolia

Даследаванне праводзілася ў 12 краінах, у тым ліку ў Расіі. У ім прынялі ўдзел 10 тысяч чалавек. Паводле атрыманых вынікаў, 64% апытаных перакананыя, што антыбіётыкі дапамагаюць вылечыць прастуду і грып. Сярод расейцаў такога меркавання прытрымліваюцца 67%.

Больш за тое, каля траціны рэспандэнтаў лічаць, што можна спыніць прымаць антыбіётыкі пры першых прыкметах паляпшэння стану, гэта значыць яшчэ да заканчэння курсу прыёму лекаў. А чвэрць апытаных гатовая прымаць антыбіётыкі, якія параілі ім сябры ці блізкія, калі ў тых былі падобныя сімптомы захворвання.

На думку экспертаў СААЗ, насельніцтва недастаткова інфармаванае аб тым, што ўстойлівасць бактэрый да антыбіётыкаў расце.

«Хоць людзі прызнаюць наяўнасць праблемы, яны не ў поўнай меры разумеюць яе прычыны і што яны могуць у гэтай сувязі зрабіць», — гаворыцца ў даследаванні.

Антыбіётыкі здольныя забіваць мікробы і бактэрыі, але яны не аказваюць уздзеяння на вірусы. СААЗ нагадвае, што няправільнае выкарыстанне супрацьмікробных прэпаратаў паскарае з'яўленне лекава ўстойлівых штамаў, што прыводзіць да таго, што змагацца з інфекцыямі становіцца ўсё цяжэй.

У кастрычніку з'явіліся вынікі іншага даследавання, згодна з якім у ЗША штогод паміраюць больш за 6 тысяч чалавек з-за зніжэння эфектыўнасці антыбіётыкаў. У рамках гэтага даследавання група навукоўцаў з розных амерыканскіх інстытутаў прыйшла да высновы, што да паловы вядомых бактэрый, якія выклікаюць пасляаперацыяйныя інфекцыі, праяўляюць рэзістэнтнасць да дзеяння антыбіётыкаў, што ўжываюцца ў ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?