Народны дэпутат Украіны Дзмітрый Яраш заявіў аб складанні паўнамоцтваў лідара нацыянальна-вызвольнага руху «Правы сектар».
Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
«Я вымушаны адказаць адмовай на прапанову ўзначаліць прапанаваную канферэнцыяй пасаду і складаю з сябе паўнамоцтвы правадыра НВР ПС, застаючыся нацыяналістам, дзяржаўнікам і рэвалюцыянерам», — напісаў Яраш.
Сваё рашэнне ён патлумачыў тым, што яго пазіцыя далёка не ва ўсім супадае з памкненнямі часткі кіраўніцтва «Правага сектара».
«Атрымаўшы раненне і патрабуючы доўгага часу на лячэнне, я даверыў некаторыя напрамкі кіравання рухам сваім бліжэйшым паплечнікам, якія мелі і маюць свой погляд на разгортванне нацыяналістычнага руху. Мая ж пазіцыя далёка не ва ўсім супадае з памкненнямі часткі кіраўніцтва. Як правадыр я нясу персанальную адказнасць за ўсё, што адбываецца ў арганізацыі, і не збіраюся перакладаць яе на іншых. Менавіта таму я не магу быць «вясельным генералам» у «Правам сектары», — растлумачыў ён.