Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заяўляў, што не адправіць у Сірыю расійскія наземныя войскі, аднак гэта значыць, што Масква ніяк прынцыпова не зменіць сітуацыю ў гэтай краіне, піша washingtonpost.com.
Весці чыста авіяцыйную вайну расійская армія не прывыкла, адзначаюць эксперты. З гэтай прычыны нават такія аперацыі нясуць пагрозу жыццям расійскіх пілотаў.
Расійскі Су-24М з бомбамі ў Сірыі, фота ria.ru
«У прынцыпе мы ў гэтай сферы пачаткоўцы. А калі ты пачатковец, то будуць памылкі. Відавочна, ёсць рызыка стратаў», — адзначыў Руслан Пухаў, дырэктар маскоўскага Цэнтра аналізу стратэгій і тэхналогій.
Згодна з інфармацыяй амерыканскіх афіцыйных крыніц, Масква накіравала ў Сірыю па 12 бамбардыроўшчыкаў Су-24 і Су-25, 4 знішчальнікі-бамбардыроўшчыкі Су-34, 4 знішчальнікі Су-30, а таксама 12 ці болей верталётаў Мі-24.
Імаверна, прычынай актыўнага ўдзела РФ у грамадзянскай вайне ў Сірыі сталі летнія паразы войскаў прэзідэнта Сірыі Башара Асада.
Аднак, хоць і з новай паветранай падтрымкай, наўрад ці асадаўскія войскі змогуць стратэгічна перавярнуць сітуацыю на сваю карысць.
Усё, што будзе выходзіць за межы тактычных поспехаў, будзе патрабаваць вялікага ўдзелу наземных войск і доўгага планавання, адзначыў эксперт па абаронных справах на Бліжнім Усходзе маскоўскага Інстытута міравой эканомікі і міжнародных адносін Уладзімір Яўсееў.
Будынак у Сірыі, які разбамбіла, па словах мясцовых жыхароў, расійская авіяцыя. Фота Reuters
«Расія не можа вярнуць [Асаду] усю Сірыю», — сказаў ён.
Раней кіраўнік камітэта па міжнародных справах Дзяржаўнай Думы РФ Аляксей Пушкоў сказаў, што расійская аперацыя ў Сірыі плануецца толькі на 3-4 месяцы.
Да таго ж паўстанцы і баевікі любых гатункаў могуць атрымаць пераносныя супрацьпаветраныя ракетныя комплексы, што заўважна павысіць небяспеку палётаў і абмяжуе магчымасці выкарыстання верталётаў і нізкавысотных самалётаў, кажа старшы спецыяліст аналітычнай арганізацыі Small Arms Survey Мэт Шродэр.
Падчас апошніх налётаў у Сірыі расійская авіяцыя рэгулярна выкарыстоўвае старыя некіраваныя бомбы, што зніжае трапнасць бамбёжак.
«Гэта павялічыць колькасць ахвяр сярод мірнага насельніцтва, зніжаючы эфектыўнасць [расійскай] інтэрвенцыі», — сказаў Дзмітры Горэнбург, старшы аналітык Center for Naval Analyses, аналітычнай арганізацыі, якая працуе ў інтарэсах Марской пяхоты і Ваеннага Флоту ЗША.