25-27 верасня ў Мадрыдзе праходзіў традыцыйны спартыўны фестываль «Арнольд Класік Еўропа 2015», на якім бліснула юная беларуская спартсменка Аляксандра Бурыкіна.
16-гадовая мінчанка выступала на памосце з наймацнейшымі спартсменкамі свету, адной з якіх была Кімберлі Уолфард з ЗША — сёння яна № 1 у жаночым паўэрліфтынгу. І хоць Аляксандры не ўдалося трапіць у тройку прызёраў, пры гэтым яна ўстанавіла два рэкорды Еўропы ў вагавой катэгорыі да 63 кг сярод дзяўчат — у прысяданні (135 кг) і ў суме трохбор'я (347,5 кг).
Кімберлі Уолфорд і Аляксандра Бурыкіна неаднаразова зрывалі шквал апладысментаў — з жанчын толькі яны ўсталявалі рэкорды на гэтым турніры, паведаміла прэс-служба Беларускай федэрацыі паўэрліфтынгу са спасылкай на ДСЦ «Белая Русь».
На ўзнагароджанне Аляксандра Бурыкіна выйшла ў майцы з выявай Аляксандра Лукашэнкі і надпісам на англійскай — «Моцны прэзідэнт моцнай краіны».
Выступленне беларускай спартсменкі прыцягнула ўвагу ўдзельнікаў турніру, да яе падыходзілі фатаграфавацца, бралі аўтографы, інтэрв'ю і з захапленнем выказваліся пра нашу краіну.
27 верасня да пауэрліфтараў прыйшоў з прывітаннем сам Арнольд Шварцэнэгер.
Знакаміты акцёр і культурыст выказаў спартсменам цёплыя словы. А прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі паўэрліфтынгу (IPF) Гастон Параж прадставіў юную беларускую рэкардсменку Арнольду Шварцэнэгеру, адзначыўшы фантастычныя вынікі юнай дзяўчыны.
Арнольд паціснуў Аляксандры руку і пажадаў далейшых поспехаў у спорце
Юная беларуска ў адказ паднесла у падарунак Шварцэнэгеру памятную футболку з выявай Аляксандра Лукашэнкі. На што Арнольд адказаў, што ведае Аляксандра Лукашэнку як моцнага палітыка і прэзідэнта, і што наогул беларусы — вельмі моцныя людзі. І дадаў, што ў будучыні хацеў бы наведаць Беларусь.
А Аляксандра Бурыкіна атрымала ад арганізатараў запрашэнне на «Арнольд Класік-2016» у Амерыцы і Еўропе.