З'яўленне першай у гісторыі Беларусі жанчыны ў якасці кандыдата ў прэзідэнты (якой зычу поспехаў) асаблівым чынам навявае на гендарныя разважанні. Да таго ж, засталося пачуццё нейкай незавершанасці ў дачыненні да майго папярэдняга артыкула ««Гендарны маршрут» — з Беларусі ў Еўропу. Зацемкі пешахода». Паток пазітыўных водгукаў (за якія, безумоўна, дзякую) трошкі збіў мяне з толку: я прывык, што публікаваныя мной у НН артыкулы выклікаюць гнеўныя рэакцыі ўжо на старце абмеркавання. Тым не менш, на нейкім этапе і пад гэтым артыкулам сталі з'яўляцца востра-крытычныя галасы — заявы пра маё інтэлектуальнае банкруцтва і патрабаванні «аргументацыі» як адзінага шанцу выратаваць сваю рэпутацыю. Такім чынам, усё вярнулася да нормы, што мяне таксама радуе.

Банкруцтваў я не баюся, неаргументаваным свой колішні артыкул таксама не лічу, але ёсць, пэўне, сэнс прадоўжыць дыскусію. На ўсякі выпадак, аднак, паясню сваю ролю ў гэтай дыскусіі, такую, якой яе сам у гэтым бачу. Я не спецыяліст ані ў gender studies, ані ў іх крытыцы. Але ў рамках сваіх уласных даследаванняў (тэорыя аргументацыі і метадалогія сацыяльных навук) раз-пораз натыкаюся на мега-тэорыі, якія зазвычай выступаюць з дачэпленым словам «крытыка» у розных варыяцыях: сацыяльная крытыка, крытычны аналіз дыскурсу, крытычная тэорыя… (многа іх). Гендарныя даследнікі (-іцы), хоць не маюць у сваім назове слова «крытыка», таксама належаць да гэтага сямейства і з'яўляюцца ці не найбольш вядомым відам homo criticans (альбо femina criticans, калі хочаце). Можа, я і не праймаўся б гэтымі крытычнасцямі, калі б не дзве рэчы: (а) згаданыя тэорыі часцяком пазіцыянуюць сябе як «метадалогіі» або «эпістэмалогіі», прычым з адмысловым знакам якасці; (б) даследаванні многіх гуманітараў (асабліва з усходнееўрапейскага абшару) часта суправаджаюцца паведамленнем, што яны праведзены ў адпаведнасці з метадалогіяй крытычнай тэорыі Х або крытычнай тэорыі Y.

Як і кожны цікаўны чалавек — а я адношу сябе да цікаўных — не магу ў такіх выпадках прамінуць нагоду, каб зазірнуць у гэтыя «тэорыі» і пазнаёміцца з прапанаванымі на іх базе «метадалогіямі». Тое, што я зараз раблю, як і тое, што рабіў ў папярэднім артыкуле — гэта дзялюся ўражаннямі ад гэтага знаёмства.

1. Андрацэнтрычныя інстытуты

Немалаважным унёскам у абмеркаванне гендарных пытанняў з'яўляецца артыкул Таццяны Шчурко «Гендарны сектар» грамадзянскай супольнасці… (назва доўгая, даю тут у скарачэнні), які быў апублікаваны ў»ARCHE» 2015 (4).

Калі ўзяць у дужкі пару няўдалых спроб сфармулявання выясненняў для прыведзеных фактаў, то артыкул можна лічыць грунтоўным і змястоўным. Тэкст носіць пераважна апісальны характар, аднак у некалькіх месцах далі аб сабе знаць ідэйныя ўстаноўкі аўтаркі (што само па сабе з'яўляецца пазітыўным момантам, бо чыніць артыкул больш цікавым). Адну з такіх установак хачу тут прывесці і зрабіць яе адпраўным пунктам для далейшых — больш размашыстых — разважанняў.

У згаданым артыкуле спадарыня Шчурко закідае Нацыянальнай гендарнай платформе, што тая вельмі вузка разумее канцэпт «гендарнай роўнасці». Платформа — паясняе аўтарка — засяроджваецца толькі на ўключэнні жанчын, на роўных з мужчынамі, у публічную прастору, гэта значыць у інстытуты ўжо існуючыя. Тымчасам — гэты тэзіс аўтаркі хачу адмыслова выдзеліць — існуючыя інстытуты з'яўляюцца андрацэнтрычнымі, гзн. яны створаны мужчынамі для падтрымання «кансерватыўных вартасцяў». Гэта не ёсць цытата, але дакладна адлюстроўвае думку, якая сфармулявана на стар. 164.

Якія канкрэтна інстытуты з'яўляюцца андрацэнтрычнымі? Усе? Некаторыя? У артыкуле гэта не ўдакладняецца, аднак, узяўшы пад увагу іншыя публікацыі беларускіх прадстаўніц (-коў) гендарных даследаванняў, можна ўстанавіць, што такімі інстытутамі з'яўляюцца перадусім: Царква (і рэлігія ўвогуле), традыцыйная сям'я і (праўдападобна) аўтарытарная дзяржава.

І вось тут зарысоўваецца першае адрозненне паміж беларускімі gender-studies і іх заходнееўрапейскімі аналагамі. Можа быць, гэтае адрозненне ўсяго выпадковае, а можа і не. Так ці інакш, на яго варта звярнуць увагу. Вось жа у спрэс секулярызаваных заходнееўрапейскіх асяродках клеймаванне рэлігійных інстытутаў з пазіцыі гендарных даследаванняў ужо даўно перастала быць дзяжурным заняткам. Безумоўна, тэма «патрыярхальнага прыгнёту» з боку Царквы, гэтаксама як «апрэсіўнай» функцыі «традыцыйнай» сям'і, па-ранейшаму прысутнічае ў тамтэйшым гендарным дыскурсе, але не яны выходзяць на першы план як аб'ект «дэканструкцыі». Адгадайце ж з трох спробаў, што — з пазіцыі заходняга гендарызму — з'яўляецца цвярдыняй патрыярхальнага прыгнёту? Правільны адказ: навука. Будзь я прававерным гендарыстам, я мусіў бы ўжыць гэта слова з прыметнікам: «традыцыйная навука». Але што маецца на ўвазе пад гэтай «традыцыйнай навукай»? Тэалогія? Метафізіка? Астраномія Пталамея? Што ж, яны — само сабой. Але не толькі яны.

2. Фізіка і матэматыка як інстытуты гендарнай няроўнасці

У 1999 годзе Шведскае адукацыйнае агенцтва (урадавая ўстанова, якая курыруе адукацыйную сферу ва ўсёй краіне) апублікавала на сваёй афіцыйнай старонцы тэкст Мойры фон Райт на тэму «роўнасці ў падручніках па фізіцы»[1]. Дзякуючы аднаму шведскаму інтэрнаўту, які пераклаў шэраг фрагментаў на ангельскую, я меў магчымасць азнаёміцца з урыўкамі гэтага дакумента. На старонцы 24 чытаем: «Ідэя безумоўнай перавагі навуковага мыслення несумяшчальная з ідэаламі роўнасці і дэмакратыі». У прынцыпе, з гэтым тэзісам можна, прынамсі часткова, пагадзіцца, бо сапраўды чалавечае жыццё больш багатае і разнастайнае, чым тое можна ўхапіць з дапамогай навуковых метадаў. Аднак тое, што ідзе далей у тэксце, прымушае занепакоіцца кожнага, каму неабыякавы лёс навукі. «Заснаваная на фактах, аб'ектыўная веда ўяўляе сабой тое, што з феміністычнай перспектывы зазвычай успрымаецца як мужчынская веда» — чытаем на стар. 59. Далей — болей: «Гендарна-свядомая і гендарна-адчувальная фізіка патрабуе рэляцыйнага падыходу да фізікі, у сувязі з чым значная частка традыцыйнага навуковага зместу фізікі павінна быць выдалена [з вучэбных матэрыялаў]» (стар. 65). Так, гаворка ідзе пра сучасную фізіку. Яна створана мужчынамі, яна ў сувязі з гэтым андрацэнтрычная і служыць падтрыманню «кансерватыўных вартасцяў».

Амерыканская філосаф навукі Нарэта Кёртгэ ў адной са сваіх кніг распавядае, як аднойчы трапіўся ёй дужа курыёзны сілабус да акадэмічнага курсу па матэматыцы. У графе «навыкі, якія студэнт павінен набыць пасля праходжання гэтага курсу» было пазначана наступнае:

«[Студэнт(ка) будзе ўмець:]

1. Апісаць палітычны характар матэматыкі і матэматычнай адукацыі.

2. Апісаць гендарныя і расавыя розніцы ў матэматыцы і паказаць іх сацыялагічныя наступствы.

3. Даследаваць фактары, якія ўплываюць на гендарныя і расавыя розніцы ў матэматыцы.

4. Крытычна ацаніць еўрацэнтрызм і андрацэнтрызм у матэматыцы».

Вось перад намі і чарговы патрыярхальны інстытут, мацавальнік «кансерватыўных вартасцяў» і крыніца гендарнай несправядлівасці: сучасная матэматыка.

Я прывёў тут два прыклады, дзеля ілюстрацыі. У мяне ёсць тэчка, у якой я сабраў цалкам ладную калекцыю тэкстаў гендарных даследніц (-ікаў), у якіх яны сістэматычна, з зайздроснай настойлівасцю, выкрываюць «патрыярхальныя» і «андрацэнтрычныя» элементы ў біялогіі, фізіцы, фізіялогіі, логіцы, матэматыцы, сацыялогіі… карацей кажучы, усіх галінах навукі, апрача гендарных даследаванняў. Калі хтось жадае, магу паказаць калекцыю.

3. На фоне сказанага: у чым асаблівасць беларускіх gender-studies?

У тэкстах беларускіх гендарных даследніц (-ікаў) складана адшукаць падобныя матывы. Як было ўжо прыкмечана вышэй, яны большы ўпор робяць на «дэканструкцыю» рэлігіі, (традыцыйнай) сям'і і «кансерватыўнай» маралі. Мая выясняльная гіпотэза на гэты конт такая: беларускім гендарыстам нявыгадна цяпер дэманстраваць непрыязь да навукі і навуковай метадалогіі, бо гэта знізіла б эфектыўнасць рыторыкі «асвечанага» і «навукова абгрунтаванага» характару гендарнага рушэння, якую (рыторыку) так старанна культывуюць адэпты gender-studies. Іншы магчымы фактар, які не выключае першага: недасведчанасць у метадалагічна-эпістэмалагічных дэбатах. Заходнія гендарныя даследніцы (-ікі) у сваёй бальшыні маюць за сабой салідны курс «традыцыйнай» тэорыі пазнання і «традыцыйнай» філасофіі навукі, а іх баталіі з апанентамі пераважна адбываюцца на метадалагічнай глебе. У сувязі з гэтым, іх метадалагічны слоўнік больш багаты і яны часам могуць уразіць сваёй эрудыцыяй у галіне метадалогіі, гісторыі навукі ці тэорыі пазнання. А гэта, у сваю чаргу, дазваляе спарадзіць «праметэеўскі эфект»: вось, маўляў, гэта тыя светачы, каторыя прайшлі праз лабірынты «традыцыйнай» метадалогіі, пазналі яе знутры, зразумелі яе «андрацэнтрычны» характар і цяпер могуць бліскуча выкрываць цёмныя інтэнцыі яе стваральнікаў. Тутэйшыя гендарысты не атрымалі аж такой вялікай дозы «традыцыйнай» метадалогіі. Гэта чыніць іх, з аднаго боку, больш «нявіннымі», менш скрыўленымі аковамі «традыцыйнага» навуковага мыслення; з другога боку — прымушае іх быць больш асцярожнымі ў атакаванні сучаснай навукі як аднаго з бастыёнаў злоснага патрыярхалізму.

Тое, што я прадставіў у папярэднім абзацы — гэта, паўтаруся, гіпотэза, якую, пры паступленні новых фактаў, гатовы перагледзець. Але тое, што магу сцвердзіць з вялікай дозай упэўненасці, гэта наступнае: гендарныя даследаванні, аналагічна як шэраг іншых «крытычных» даследаванняў, характарызуюцца небывалай лёгкасцю ў знаходжанні «патрыярхальнага прыгнёту» і «мікрапрактык насілля» ў самых розных абшарах — будзь то Царква, будзь то навука, будзь то проста вера ў сямейныя каштоўнасці. Метады (калі іх увогуле можна так назваць) выкрывання згаданага «прыгнёту» настолькі непразрыстыя, што прыходзіцца ўсур'ёз задумвацца, ці гендарныя даследванні — гэта сапраўды даследаванні, ці, можа быць, маніпуляцыі.

Так, у Заходняй Еўропе (і ЗША) gender studies здабылі даволі моцную пазіцыю ў акадэмічных асяродках. Але трэба адзначыць, што там таксама пастаянна аказваецца ім процідзеянне ў выглядзе кампетэнтнай метадалагічнай палемікі з боку прыхільнікаў навуковага рацыяналізму. Адзінае, што гендарыстам удалося навязаць заходняй акадэміі — гэта абавязак ужываць форму «he/she» (або проста «she») у навуковых (англамоўных) тэкстах. Многія навукоўцы, асабліва маладога пакалення, з пэўным скепсісам падыходзяць да гэтай мовазнаўчай рэформы; займеннік «he» ў аднясенні да гіпатэтычных асоб заўсёды функцыянаваў як умоўная гендарна-нейтральная форма, а абавязак выкарыстоўваць за кожным разам грамоздкае «he/she» пазбаўляе натуральнасці вусную камунікацыю, а на пісьме выглядае неэстэтычна. Аднак, многія навукоўцы, у тым ліку далёкія ад гендарных ідэй, прынялі гэту дробную моўную рэформу, бо і сапраўды: навошта спрачацца з-за дробязі. Іншая справа — спроба гендарыстаў навязаць «альтэрнатыўную» метадалогію, дзе ігнаруюцца прынцыпы правяральнасці, лагічнай звязнасці і тэрміналагічнай яснасці. Тут ужо гендарным рэфарматарам не было дазволена пайсці занадта далёка.

І вось у гэтым месцы зарысоўваецца чарговае адрозненне паміж становішчам гендарных даследаванняў у Беларусі і становішчам іх аналагаў на Захадзе. У беларускай гуманістыцы метадалагічная культура знаходзіцца на такім узроўні, што можна не адрозніваць «канцэпт» ад «канцэпцыі» або блытаць аргументацыю з выясненнем — і ніхто гэтым не будзе пераймацца. З'яўленне на беларускім гуманітарным гарызонце gender-studies плюс нізкая метадалагічная культура дае такі вынік: прыняцце або непрыняцце гендарных тэорый адбываецца на базе ідэалагічных асацыяцый або/і чыста кан'юнктурнай калькуляцыі. У першым выпадку гэта выглядае прыкладна так: варыянт А: я — кансерватар; gender-studies — апаненты кансерватызму, значыць, я — супраць «gender». Варыянт Б: я — прагрэсіўны ліберал, гендарныя даследаванні — гэта прагрэсіўная з'ява, значыць, я іх падтрымліваю. У другім выпадку выбар «за» або «супраць» абумоўлены больш прыземным пытаннем: Якія ў мяне шанцы зрабіць кар'еру, калі я прымкну да «гендарнага» лагера? Уласна метадалагічныя аргументы «за» ці «супраць» адыходзяць на задні план. На жаль.

[1] Арыгінальная назва: Genus och text. När kan man tala om jämställdhet i läromedel? (Гендар і тэкст. Як размаўляць пра роўнасць у вучэбных матэрыялах па фізіцы?)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?