Усяму гэтаму ёсць тлумачэнне. Адна акалічнасць, што дазваляе вычарпальна зразумець адразу ўсё. Тратуарную плітку. Нашы выбары. Вуліцу Зыбіцкую. Стан маёнтка Грабоўскага ў Дзіўшках (і факт таго, што ўсім начхаць). Спілаваныя дрэвы на Маркса. Музей ката. Дамы-пеналы на Дзяржынскага. Нашыя падручнікі па гісторыі. Я зразумеў гэта толькі цяпер.

фота Настассі Храловіч

фота Настассі Храловіч

Беларусь — гэта 10 мільёнаў чалавек, што жывуць у адным толькі часе. У сёння. Для іх не існуе мінулага. Пра будучыню яны нават не здагадваюцца

Сёння літоўцаў, рускіх ці немцаў ёсць верхняй прыступкай лесвіцы, што ідзе з учора. Яны памятаюць, як пачалі ўздымацца. Яны памятаюць пра пакойчыкі, якія праходзілі на гэтым ўздыме 50 гадоў таму. У нас замест мінулага – жывога, сапраўднага мінулага — мемарыяльная дошка Машэраву, лекцыя па меліярацыі балот Палесся і Музей айчыннай вайны. Па-за гэтымі межамі – ніякага ўчора. Па-за гэтымі межамі – толькі сёння.

У гэтым сёння мы ходзім па ўласнай зямлі і натыкаемся на розныя незразумелыя нам рэчы.

Ну, вось ляжыць пад нагамі мова. Мы падымаем яе, ачышчаем ад бруду і пільна разглядаем. Рэч яўна старажытная. Блішчыць. Палохае. Незнаёмая, бы артэфакт з космасу. І жудасна робіцца: адкуль яна ўзялася тут, пасярод нашага гародчыка з бульбай ды памідорамі? Хто яе сюды прынёс? Што з ёй рабіць? Бо ў сёння ў нас зусім іншая мова. На гэтай мове трашчыць тэлевізар і бурболяць FM-вядоўцы ў маршрутках.

І мы цацкаемся са знаходкай – прыносім яе дадому, спрабуем зразумець прызначэнне, але серыял пра вучылку ўсё ж цікавейшы. І мова прыхаваная далей ад вачэй, на паліцу ў спіжарні, побач з кубікам Рубіка.

Ці вось яшчэ. Мы соўгаемся па лясах у пошуку грыбоў, ходзім у крамы па цэлафанавы абутак і час ад часу побач з сабой бачым руіны. Яны моцна вытыркаюцца з нашага сёння. Таму што, па-першае, руіны. А цяпер руіны не будуюць.

Цяпер прынята, каб свежая фарба на сценах і тратуарная плітка з газонам і петуніямі — пад сценкамі. Цяпер дом мусіць нагадваць Вялікую кітайскую сценку, у якой завяліся людзі.

І, па-другое, формы. Нейкія калоны, пілястры, балясіны, аркбутаны і пінаклі. Незразумела. Асабліва калі тваё сёння — гэта пад’езд у Каменнай Горцы, і з акна відаць шэсць тыповых дванаццаціпавярховікаў з аднолькавымі вокнамі. І вось мы пачынаем «асённьваць» гэтыя знаходкі. Часцей за ўсё зносім. Бо так прасцей. Але час ад часу знесці складана, бо ў нашым сёння яны апынуліся з нейкімі абарончымі граматамі, з сертыфікатамі аб прыналежнасці да спісу культурных помнікаў першай катэгорыі. Ні хто выдаў гэтыя сертыфікаты, ні чаму іх выдалі, мы не памятаем і не разумеем. Але сёння прынята паперы паважаць. А таму тое, што мусім захаваць, мы прыводзім у адпаведнасць. Дабудоўваем сучаснай цэглай. Замазваем карнізы. Прыбіраем пілястры ў тэрмашубу. Параўнайце выгляд вуліцы Кашавога пасля рэстаўрацыі і да яе, і зразумееце пра што я. Навагрудак, Гальшаны, Нясвіж…

Гэта не амнезія. Гэта адчуванне сёння як адзінага магчымага часу. Гэта разуменне гісторыі як штукі, што з сёння ніяк не стасуецца. Нашая гісторыя, нашае ўчора, належыць іншым людзям. Якія ўжо памерлі. І на іх могілках збудаваны гандлёвы цэнтр.

Мне цяжка вызначыць, калі гэта пачалося. Відавочна, не ў нулявых. І нават не ў 1994-м. Болей за тое, 1994-ы стаў наступствам нашага бясконцага сёння. Нічым іншым гэтае сёння скончыцца проста не магло.

Гэтая сітуацыя ўжо была, калі Машэраў бурыў старую Нямігу. Гэты расклад ужо панаваў, калі Сталін перадаваў Вільню літоўцам.

Калі б у нас тады быў нейкі іншы час, апрача сёння, калі б мы крыху думалі пра будучыню і крыху дбалі пра мінуўшчыну — не далі б. Узяліся б за вілы. Падалі б голас.

Мы жылі ў гэтым праклятым сёння ў 1919-м, калі дазволілі пахаваць БНР. Часам здаецца, што мы былі вырачаныя на адсутнасць заўтра яшчэ ў XVI стагоддзі. Калі ў ліпені 1569 года была падпісана Люблінская унія, што прывязала нашую некалі магутную дзяржаву да палякаў. А можа, і яшчэ раней, калі ў XV стагоддзі мы страцілі частку сваёй моцы і тэрыторый у спусташальных войнах з Масковіяй.

Я ведаю некалькі прыгожых краін, што жывуць без мінулага.

Напрыклад, Малайзія, якая з першабытнага стану, з каланіяльных джунгляў, перакрочыла адразу ў постмадэрн, так што ў «Старбаксе» вежаў Петронас у Куала Лумпуры ты можаш сустрэць афіцыянта, які нарадзіўся ў племянной хаціне дапісьменнага грамадства, у сям’і апранутых у скуры паляўнічых; цяпер хлопец на выдатнай англійскай мове тлумачыць адрозненні сумартранскіх зерняў кавы ад яванскіх.

Але паміж беларусамі і малайцамі ёсць як мінімум два адрозненні: па-першае, у нас, у адрозненне да Малайзіі, ёсць не толькі выдатная старажытная гісторыя (у тым ліку дакаланіяльная), але і шматлікія спрадвечныя помнікі, што на яе ўказваюць.

Другое адрозненне больш сумнае. Рэч у тым, што малайцы, пры адсутнасці мінулага, апынуліся адразу ў заўтра.

Іх шматпавярховыя гарады, іх пнеўмацягнікі, іх чатырохузроўневыя транспартныя развязкі – тое, чаго тут, у Беларусі, застылай у сёння, не будзе нават праз 30 гадоў.

У нас няма не толькі мінулага. У нас няма і будучыні. Як катэгорыі. Як стратэгіі і кірунку думкі.

Мы не пераймаемся тым, як будуць сябе адчуваць жыхары Лябяжага, пазбаўленыя вадасховішча, – мы проста прадаём участкі на беразе пад няўцямныя кавярні, забудоўваем тэрыторыю ля былога заказніка. Заўтра няма. Ёсць толькі прага прыбытку ў сёння.

Словы, якія мы не разумеем: «раней», «да гэтага», «планаваць», «пасля», «будзе».

Сёння, якое было ўчора, не мае мінулага часу. Сёння, якое надыдзе заўтра, – гэта тое ж самае, што і цяпер. Часу няма, ёсць чаргаванне момантаў тут і цяпер, як у «Дні сурка» з Білам Мюрэем.

Нехта паспявае прачытаць Чэхава і навучыцца іграць джаз на фартэпіяна, але, калі горад прачнецца, і іх зноўку забудуць, бо яны былі ва ўчора, якога не існуе.

Як з гэтага выйсці? Час — катэгорыя індывідуальная. Я ведаю пра Люблінскую унію і віленскае барока. Я ведаю дзверы, за якімі хаваецца маё ўчора. А таму маё жыццё ідзе з мінулага ў будучыню. Запусціць час для ўсіх астатніх – не ў маіх сілах. Але той, хто ўважліва чытаў гэты тэкст, і сам усё зразумее.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?