Падчас выступу ўдзельніка прэзідэнцкай кампаніі Сяргея Гайдукевіча на Беларусь-1 некаторыя звярнулі ўвагу, што ягоныя вочы ўвесь час бегалі. То ён глядзеў у камеру, то раптам направа. Спачатку падалося, што тэлевізіёншчыкі няўдала паставілі суфлёр, але адказ празаічнейшы.
«Было дзве камеры, таму даводзілася ўвесь час глядзець то ў адну, то ў іншую», — сказаў Сяргей Гайдукевіч.
Аднак пры гэтым прамоўцу амаль увесь час паказвалі «ў лоб», не выкарыстоўваючы правую камеру.
Сяргей Гайдукевіч падымае правую руку, гукаючы ў камеру «Жыве Беларусь».
Легендарная дыктарка беларускага тэлебачання Зінаіда Бандарэнка выказала «Нашай Ніве» здагадку, што праваруч ад Гайдукевіча мог стаяць пэўны «дырыжор», які б падбадзёрваў Сяргея. Маўляў, было заўважна, што прамоўца хвалюецца.
Але гэтую версію сам кандыдат у прэзідэнты абвяргае.
«Ну вы што, якія хваляванні? Я ж магу дзве гадзіны, пяць гадзін гаварыць! Вы толькі паперку мне пакладзіце на стол, каб я ведаў, пра што», — сказаў Сяргей Гайдукевіч, зазначыўшы, што ён чытаў тэкст з паперкі, якая ляжала на стале.
Суфлёра пры гэтым не было.
«А пра лозунг «Жыве Беларусь» я так скажу — гэта мой лозунг! Я яго казаў і ў 2001 годзе, і ў 2006. Нельга казаць, што гэта словы толькі радыкальнай апазіцыі. Гэтыя словы павінны нас яднаць», — упэўнены Гайдукевіч.
Агулам у часе свайго тэлевыступу, аднак, Сяргей Гайдукевіч ні словам не пакрытыкаваў Аляксандра Лукашэнку, але раз у раз нападаў на апазіцыю і настойліва выступаў супраць любых акцый пратэсту.
Ён заявіў, што апазіцыя можа «прынесці бяду ў нашы сем’і». «Я ніколі не паклічу на Плошчу рабіць рэвалюцыю. Для мяне гэта недапушчальна», — заявіў Гайдукевіч.
Яркім момантам выступу кандыдата сталі і наступныя словы: «Скажу вам чэсна і шчыра — у краіне шмат добрага зроблена за гэтыя гады. Хачу сказаць вялікі дзякуй Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку…»