На канале «Новостной Донбасс» YouTube з'явілася інтэрв'ю з радавым 1-й Славянскай брыгады арміі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі». Чалавек у вайсковай форме сцвярджае, што ён у мінулым служыў аператыўнікам у мінскай міліцыі і завуць яго Аляксей Русяеў.

Хто ён на самай справе і пра што змаўчаў?

Каб атрымаць цікавую для нас інфармацыю, карэспандэнту Naviny.by давялося падняць на ногі знаёмых ветэранаў мінскага крымінальнага вышуку. Бо чалавеку на відэа не менш за пяцьдзесят гадоў. І вось што ўдалося высветліць.

У пачатку 1990-х ў органах унутраных спраў сталіцы, дакладней, у Першамайскім РАУС, сапраўды служыў аператыўны ўпаўнажаваны аддзела крымінальнага вышуку лейтэнант Аляксей Русяеў. За плячыма ў яго была армія і Віцебскі ветэрынарны інстытут. Час тады было няпросты, з міліцыі звальняліся масава, а на службу прымалі практычна ўсіх ахвотных.

Русяеў праслужыў не больш за два гады. У 1993 ці 1994 годзе ён быў арыштаваны і асуджаны на 15 гадоў за забойства армянскага прадпрымальніка і шэраг іншых злачынстваў, у ліку якіх і збіццё затрыманых. Зразумела, што з пазбаўленнем звання афіцэра міліцыі.

Разам з ім тэрмін атрымаў яго родны брат і яшчэ адзін былы супрацоўнік міліцыі. Калі Русяеў вызваліўся і чым займаўся, высветліць не ўдалося.

У інтэрв'ю на відэа чалавек, які назваўся былым мінскім аператыўнікам, сцвярджае, што яго пазыўны Серб, бо ён ваяваў добраахвотнікам у Югаславіі. На думку аднаго з ветэранаў мінскага вышуку, гэта малаверагодна.

«Як бы нашы ў кадры ў тыя гады не працавалі, каб запоўніць вакансіі, але такую белую пляму ў біяграфіі яны б не рызыкнулі прапусціць, кожнага кандыдата правяралі пільна», — заўважыў суразмоўца Naviny.by.

Чалавек на відэа паведаміў, што ён прыехаў на Данбас ў жніўні мінулага года. Быў пяць разоў паранены і згубіў руку падчас бою ў раёне пасёлка Спартак. Цяпер ён аднаўляецца ў бальніцы і мае намер вярнуцца ў сваё падраздзяленне.

Калі радавы арміі ДНР і чалавек, асуджаны ў «ліхіх 90-х» за забойства ў Мінску, сапраўды адзін і той жа чалавек, то каментары, як гаворыцца, залішнія.

Да месца заўважыць, што ўдзел грамадзян Беларусі ва ўзброеным канфлікце ва Ўкраіне за любы з бакоў — крымінальна каранае дзеянне. Калі Аляксей Русяеў вернецца на радзіму, то ён можа быць прыцягнуты да адказнасці па арт. 133 КК РБ («наёмніцтва»).

Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях асобы, якая не ўваходзіць у склад узброеных сіл ваюючых бакоў, з мэтай атрымання матэрыяльнага ўзнагароджання без ўпаўнаважання дзяржавы, грамадзянінам якой яна з'яўляецца, караецца пазбаўленнем волі ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?