Беларуская рэактыўная сістэма залпавага агню паспяхова прайшла чарговыя выпрабаванні. Аб гэтым сёння паведаміў Аляксандру Лукашэнку старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў.

Чарговыя выпрабаванні прайшлі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, і Аляксандр Лукашэнка выказаў за гэта ўдзячнасць кітайскаму боку. «Не так актыўны наш саюзнік, Расія, у падтрымцы нашых імкненняў. Аб гэтым мы асобна будзем гаварыць з прэзідэнтам Расіі. Але дзякуй Кітайскай Народнай Рэспубліцы, яе кіраўніцтву за гэту падтрымку», - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Як было паведамлена Лукашэнку, планы, якія ставілі перад сабой беларускія спецыялісты, у поўнай меры выкананы. Армія атрымае дастойнае ўзбраенне, што істотна павысіць баявы і абаронны патэнцыял краіны.

Сяргей Гурулёў таксама далажыў аб выкананні пастаўленых прэзідэнтам задач у частцы аснашчэння беларускай арміі сучаснымі відамі ўзбраенняў. У краіне ідзе мадэрнізацыя Узброеных Сіл, для гэтага, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, неабходна ў тым ліку рыхтаваць адпаведнае ўзбраенне, «каб яно адпавядала той мадэрнізацыі, якую мы праводзім не толькі ў арміі, але і ў іншых сілавых структурах».

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што сітуацыя ў свеце не становіцца больш спакойнай. Не можа не насцярожваць актыўнасць НАТА на беларускіх і расійскіх межах.

«Яны пастаянна публічна дэманструюць сваю актыўнасць, перш за ўсё на нашых граніцах, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта актыўнасць не можа нас не насцярожваць. Справа нават, напэўна, не ў гэтым. Мы разумеем і прапагандысцкі аспект гэтых дзеянняў. Справа наогул у тым, што порах трэба трымаць сухім. Мы аб гэтым заўсёды казалі».

Кіраўніку дзяржавы было паведамлена і аб іншых пытаннях, якія датычацца развіцця абаронна-прамысловага комплексу краіны, у прыватнасці аб рабоце прадпрыемстваў Дзяржкамваенпрама. Пастаўленыя перад імі задачы ў цэлым выконваюцца, у тым ліку па такім важным паказчыку, як рост экспарту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?