С. Солтанаўшчына. Слуцк. пав. Хлопец зь вёскі Ракавічы, гадоў 13, прыйшоў на рэзурэкцыю ў царкву ды, змарыўшыся, забіўся недзе ў куток ды заснуў так смачна, што і ня чуў, як выйшлі ўсе, а яго пакінулі аднаго ў царкве, зачыніўшы. Сядзеў бы ён невядома як доўга, каб не адзін чалавек, каторы спозьніўся каробку пасьвянціць. Прыехаў ён, калі людзі ўжо сьнедалі; падышоў да царквы, а там чутно, як быццам хто сьпявае. Чалавек той, доўга ня думаўшы, пайшоў да бацюшкі і кажа, што ў царкве хтосьці ёсьць. Сьпярша не хацелі верыць, але пасьля бацюшка паклікаў людзей, што пайшлі глядзець гэтай праявы. Калі яны адчынілі царкву — бачаць: там хлопец і гэтак ужо сплакаўся, што аж вочы ў яго падпухлі. Бедны хлопец!

«НН». 1911 г., № 15. 21 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0