У сойм па волю

У дакумэнтах 1560 г. баярскае сяло Перавалока значылася як дзяржаўная маёмасьць. Баярскае сяло — таму што вяскоўцы несьлі баярскую (вайсковую) службу: калі ўзьнікала пагроза вайны, сяляне адпраўляліся на выкананьне гэтае павіннасьці. Вольны ад войнаў час яны жылі ў вёсцы.

Пазьней Перавалока адышла да Слонімскага замку, якім валодаў Сапега. У 1661 г. кароль Ян Казімер пацьвердзіў баярскія правы на падставе гэтай прысягі. У 1766-м здарыўся канфлікт зь Міхалам Казімерам Агінскім, які дазволіў арандатарам патрабаваць ад баяраў выкананьня паншчыны. Перавалоцкія сяляне дайшлі да самога сойму Рэчы Паспалітае, дзе яны і змаглі пацьвердзіць свае баярскія правы.

Праўда, сёньня зь мясцовых мала хто ведае, за што сяляне атрымалі вольнасьць. Многія толькі чулі, што так, былі нейкія баяры ў іхняй Перавалоцы.

«З прывілею зрабілі боты»

Свабоду мясцовыя сяляне атрымалі паводле прывілею вялікага князя літоўскага, што дараваў вольнасьць на вечныя часы. Дакумэнт захоўваўся ўвесь час у выбарнага старасты. На напісаным на пэргамэнце прывілеі ў пацьвярджэньне права на вольнасьць было 12 пячатак вялікіх князёў літоўскіх і каралёў Рэчы Паспалітае. Зьверху была чырвоная стужка, сам тэкст быў выбіты залатымі літарамі. Апошні гаспадар граматы — так прывілей называюць вяскоўцы — быў мясцовы жыхар Антасюк. У 1939 г. да граматы праявілі інтарэс і савецкія ўлады. Да сп.Антасюка неаднойчы прыходзілі з гораду, пыталі грамату для музэю. Далейшы лёс княскага прывілею невядомы. «Можа, зь яго і боты зрабілі», — кажа старажыл Мікалай Савіч, які на свае вочы калісь бачыў той дакумэнт.

Разам з прывілеем меўся яшчэ цэлы стос дадатковых дакумэнтаў у пацьвярджэньне правоў баяраў. Іх лёс таксама невядомы.

Правілы атрыманьня «прапіскі»

Сяляне, калі ім даравалі вольнасьць, жылі самі сабе: што зарабілі, тое й спажывалі. Ім не прыходзілася падоўгу «тырчаць» на панскай зямлі — каб пасьля, як застанецца час, яшчэ й сваю валоку абрабіць. Сяляне былі дастаткова заможныя й вылучаліся з агульнага слою сялянства. Гэтая акалічнасьць прыцягвала ў вёску новых жыхароў.

Атрымаць перавалоцкую «прапіску» было нескладана. Калі да сялян зьвяртаўся новы прэтэндэнт на пастаяннае месцажыхарства, грамада зьбіралася на сход, дзе ўсе разам і вырашалі, ці браць да сябе новага жыхара. Калі «бежанец» атрымліваў станоўчы адказ, то яму адразу выдзяляўся пэўны кавалак зямлі, і ўсе правы на вольнае жыцьцё пашыраліся на яго аўтаматычна. Таму ўцякалі ў Перавалоку прыгонныя з усяе Літвы-Беларусі й нават Расеі. Праўда, невядома, як вырашаўся лёс уцекачоў.

Апроч таго што баяры не адпрацоўвалі паншчыны, яны яшчэ шмат чаго не рабілі. Калі беларускія землі адарвала Расея, на сялян пашырыліся й новыя парадкі, у тым ліку рэкруцтва. Але, як і раней, перавалокцы ні паншчыны не адпрацоўвалі, ні ў царскім войску рэкрутамі не служылі. Быў у іх нават дазвол на карыстаньне дарамі Ружанскае пушчы, якой валодалі Сапегі.

Роля смаўжоў у гісторыі вёсак

Вёска пастаянна расла. Зь цягам часу баяры пражывалі ўжо не ў адной, а ў чатырох вёсках, якія і сёньня стаяць адна побач з адной. Гэта Перавалока, Забалоцьце, Засімавічы і Смаўжы. Захаваліся нават легенды паходжаньня назваў паселішчаў. Перавалока раней была Нагораньнем, бо месьцілася на гары. А Перавалокай Нагораньне стала таму, што людзі з усіх бакоў сюды прывалакліся («паперавалаклэся», як тут кажуць).

Забалоцьце сёньня зьяўляецца часткаю Перавалокі, але раней гэта была асобная вёска, што месьцілася за балотам. У вёсцы Засімавічы першымі пасяліліся два чалавекі, якіх клікалі Засімамі. Адсюль і назва — Засімавічы. Смаўжы месьцяцца каля балота, дзе шмат смоўжыкаў.

Адных хрысьцілі, іншых катавалі

Сьвятаміхайлаўская царква пад Перавалокай раней была ўніяцкая. Са словаў бацюшкі, айца Аляксандра, царква пабудаваная не паводле праваслаўных канонаў. Паміж асноўным будынкам і купаламі існуюць немалыя швы («цыбуліны» сюды былі прывезеныя толькі ў 1903 г.). Таксама ў царкве маецца месца для хору, які ёсьць толькі ў касьцёлах і ва ўніяцкіх цэрквах.

Уніякай царква перастала быць, як трапіла пад Расею. Новая ўлада лічыла унію няправільнай, таму паўсюль людзі прымусова пераводзіліся ў праваслаўе. Калі чалавек не згаджаўся, яго проста зьвязвалі вяроўкамі, каб не працівіўся, і ахрышчалі наноў, «па-правільнаму». Найбольш актыўных праціўнікаў новае веры катавалі за вёскаю, на балоце. Калі й гэта не дапамагала, чалавека прывязвалі да аглоблі і цягалі да таго часу, пакуль ён не згаджаўся прыняць праваслаўе. Тое месца, дзе катавалі змагароў за сваю рэлігію, і сёньня клічуць Катоўшчынай. Праўда, паводле іншай вэрсіі, тутака катавалі старастаў, каб тыя падпісалі згоду на перавод сялян на паншчыну.

Баяры — продкі «ворагаў народу»

Невядома, дакуль яшчэ перавалоцкія баяры заставаліся баярамі. Мажліва, да адмены прыгоннага права ў 1861 г. Потым яны ўжо надта не выдзяляліся ад астатніх сялян. Пасьля Першай сусьветнай пражылі дваццаць гадоў пад Польшчаю, калі зямля ўжо была ва ўсіх.

Але аднойчы вальналюбства былых баяраў дало пра сябе знаць. Ужо пасьля вайны, калі ў Заходняй Беларусі сталі арганізоўвацца калгасы, жыхары Засімавіч змовіліся і ў калгас не ўступілі, застаўшыся аднаасобнікамі са сваёй зямлёй. З усіх жыхароў пагадзіліся на калгас толькі некалькі чалавек, што праз сваё багацьце баяліся трапіць ў сьпіс «ворагаў народу». Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0