Нацбанк адклікаў ліцэнзію на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці ў «Дэльта Банка».

Рашэнне прынятае па выніках разгляду інфармацыі, атрыманай ад часовай адміністрацыі «Дэльта Банка», у сувязі з невыкананнем банкам асобных ліцэнзійных патрабаванняў, а таксама стварэннем фінансавага становішча, якое пацягнула невыкананне банкам сваіх абавязацельстваў перад укладчыкамі і іншымі крэдыторамі», - -гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

Грошы ўкладчыкам будуць вяртаць паводле заканадаўства: фізічныя асобы атрымаюць 100% укладу (без выплаты працэнтаў), а вось юрасобы застануцца ні з чым.

* * *

«Дэльта Банк» сутыкнуўся з сур’ёзнымі фінансавымі праблемамі ў пачатку года. Нацбанк прызначыў антыкрызіснага кіраўніка, але ўратаваць структуру ад банкруцтва не ўдалося.

Беларускі «Дэльта Банк» — адзін з актываў украінскага мільянера Мікалая Лагуна. 25% акцый належаць асабіста яму, рэштай валодае галандскі холдынг, уласнікам якога, зноў-такі, з’яўляецца Лагун. Апроч таго, украінец мае да-чыненне да сеткі крамаў «Родная старонка», а таксама будаўніцтва катэджаў і гольф-клуба «Грынвіч» пад Мінскам.

Украінскі крызіс балюча ўдарыў па Лагуну. Ягоны «Дэльта Банк» летась уваходзіў у пяцёрку найбуйнейшых банкаў Украіны, але цяпер аб’яўлены неплацежаздольным. Укладчыкам аддаюць толькі долю ад дэпазітаў, юрасобы не атрымаюць нічога.

Што ж здарылася з беларускім банкам? Па стане на 1 кастрычніка 2014 ягоныя актывы складалі 3,6 трыльёна рублёў, а абавязальніцтвы — 3,2 трыльёна.

«Дэльта Банк» быў арыентаваны на выдачу спажывецкіх крэдытаў пад высокія працэнты наўпрост у крамах. Банк супрацоўнічаў з «Электрасілай», «Каронай Тэхна», «Еўрасеткай». Адначасова выстаўляліся, бадай, самыя выгадныя ў краіне прапановы па дэпазітах.

Пасля дэвальвацыі ў снежні 2014 «Дэльта Банк» прыпыніў выдачу крэдытаў. А каб прыцягнуць грошы, увёў агромністыя стаўкі па ўкладах. Рублёвыя даходзілі да 56% гадавых, а валютныя — да 9%.

Каб пацвердзіць сваю саліднасць, у пачатку сакавіка банк запусціў «качку»: маўляў, падпісана пагадненне з галандскім інвестарам на суму 500 мільёнаў еўра. Паводле інфармацыі tut.by, беларускія спецслужбы затрымалі прадстаўнікоў таго «інвестара» па падазрэнні ў правядзенні незаконных фінансавых аперацый.

А Нацбанк прызначыў у «Дэльта Банк» часовую адміністрацыю на чале з Аляксандрам Пядзько, выканаўчым дырэктарам Беларускага аб’яднання спецыялістаў па антыкрызісным кіраванні і банкруцтве.

Паводле беларускага заканадаўства, дзяржава гарантуе 100%-ае вяртанне сумы дэпазіта нават у выпадку банкруцтва банка. Праўда, працэнты аддаваць у такім выпадку ніхто не будзе.

Пра старыя крэдыты не забудуць

Ці давядзецца вяртаць крэдыт на куплю тэлевізара, аформлены ў «Дэльта Банку», запытаўся чытач «НН». Маўляў, калі банк збанкрутуе, то і вяртаць грошы не будзе каму. Аднак у рэальнасці грошы з крэдытораў будуць спаганяць. Плацёжныя рэквізіты зменяцца, але сума застанецца ранейшай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?