Таму, хто хоча зразумець сённяшнюю пазіцыю Расіі па Украіне, варта пачаць з чытання класікі Джорджа Оруэла «1984», піша амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр (Timothy Snyder). На пачатку верасня ў часопісе «Politico» выйшаў яго артыкул «To Understand Putin, Read Orwell» (Каб зразумець, хто такі Пуцін, чытайце Оруэла).

Што гаворыць расійская прапаганда?

Расія павінна ўмяшацца ў падзеі ва Украіне, кажуць яны, бо ўкраінская дзяржава рэпрэсіўная.

(На самай справе, Украіна — гэта дэмакратыя, дзе ёсць свабода слова і дзе ва ўсіх адносінах больш свабоды, чым у Расіі).

І ў той жа час, яны таксама кажуць, што Расія павінна ўмяшацца, бо ўкраінскай дзяржавы не існуе.

(На самай справе, яна гэтак жа функцыянальная, як і расійская дзяржава, за выключэннем такіх праблемных сфер як вайна, разведка і прапаганда).

З аднаго боку, кажуць яны, Расія павінна ўмяшацца ва Украіне, бо рускіх ва Украіне прымушаюць гаварыць на ўкраінскай мове.

(Гэта не так: рускія ва Украіне могуць гаварыць, як ім хочацца, і ў гэтым яны нашмат вальнейшыя, чым тыя ў Расіі. Большасць рускамоўных людзей ва Украіне — гэта зусім не рускія. Так як і амерыканцы, якія гавораць па-ангельску, гэта зусім не ангельцы).

З другога боку, тыя самыя людзі сцвярджаюць, што ўкраінскай мовы не існуе.

(Існуе. У яе багатыя літаратурныя традыцыі, і на ёй размаўляюць дзясяткі мільёнаў людзей).

З аднаго боку, усе ўкраінцы нацыяналісты.

(На самай справе, крайне правыя ва Украіне на апошніх прэзідэнцкіх выбарах набралі толькі два працэнты галасоў, а гэта значна менш, чым у любой іншай еўрапейскай краіне).

З другога боку, украінскай нацыі няма.

(Хаця апытанні грамадскай думкі заўсёды кажуць пра адваротнае, прычым нават у тых рэгіёнах, якія сёння знаходзяцца пад расійскай акупацыяй. Мільёны украінцаў з гатоўнасцю пайшлі на рызыку дзеля сваёй нацыі падчас апошняй рэвалюцыі, і тысячы добраахвотнікаў рызыкуюць сваім жыццём на фронце. Большасць людзей у ЗША і іншых краінах, якія лічаць сябе патрыётамі, на такую рызыку не пойдуць).

Ну што, галава не закруцілася? Тады яшчэ адно:

Расія вядзе вайну, каб выратаваць свет ад фашызму.

(На самай справе, гэта ў Расіі крайне правыя валодаюць дыктатарскай уладай, а кіраўнік дзяржавы абвяшчае гітлераўскую дактрыну па захопе іншай краіны дзеля абароны этнічных сабратоў. Расійскімі палітычнымі саюзнікамі ў Еўропе з'яўляюцца крайне правыя партыі, уключаючы фашыстаў і неанацыстаў).

З другога боку, «не ўсё толькі кепскае звязана з Гітлерам».

(У Расіі сёння рэабілітуюць Гітлера як дзяржаўнага дзеяча, габрэяў абвінавачваюць у Халакосце, геяў паказваюць як частку міжнароднай змовы, расейскія нацысты ў травеньскія святы выходзяць на дэманстрацыі, а расейскіх нацыстаў ва Украіне малююць героямі).

Вось ужо, сапраўды, «Вайна — гэта мір», як у Оруэла.

Любыя спробы правесці перамовы і дамагчыся спынення агню суправаджаюцца эскалацыяй баявых дзеянняў Расіяй, і такія супадзенні настолькі рэгулярныя, што можна з упэўненасцю казаць: гэта не супадзенне.

Сустрэчы Уладзіміра Пуціна з лідарамі іншых краін — гэта проста прыкрыццё для яго новых злачынстваў — так і роўненька падчас нядаўніх перамоваў у Мінску у Данбас рынулі расейскія войскі, танкі і артылерыя.

Але каб да канца пранікнуць у сутнасць гэтай вельмі дзіўнай вайны, нам варта глыбей пагрузіцца ў фабулу рамана ў пошуках трох базавых паняццяў, патрэбных, каб зразумець Пуціна, зразумець, як Пуцін радыкалізаваў расейскую палітыку, разбурыў мірны лад у Еўропе, кінуў выклік уяўленням еўрапейцаў пра сваю будучыню і нават прыгразіў ядзернай вайной.

Усе прычыны, якімі абгрунтоўваецца гэтая абсалютна бессэнсоўная вайна, цалкам фальшывыя і/або ўнутрана супярэчлівыя. Успамінаюцца ключавыя паняцці Оруэла: Еўразія, двухдумства і любоў да Вялікага Брата.

У рамане Оруэла адна з сусветных дзяржаў называецца Еўразія. Гэта даволі цікава, паколькі сапраўды гэтак жа называецца галоўная замежнапалітычная дактрына Расіі. У оруэлаўскай антыўтопіі Еўразія — гэта рэпрэсіўная і ваяўнічая дзяржава, «якая займае ўсю паўночную частку еўрапейскага і азіяцкага кантынентаў, ад Партугаліі да Берынгавага праліва».

У расейскай замежнай палітыцы еўразійская дактрына — гэта план інтэграцыі ўсіх земляў ад (здагадайцеся!) Партугаліі да Берынгава праліва.

У оруэлаўскай Еўразіі практыкуецца неабальшавізм, а вядучы расійскі тэарэтык еўразійскай мадэлі калісьці называў сябе «нацыянал-бальшавіком». Гэты ўплывовы чалавек па імені Аляксандр Дугін здаўна выступае за знішчэнне ўкраінскай дзяржавы, а нядаўна ён прапанаваў Расіі знішчаць украінцаў.

Оруэл дапаможа нам разабрацца ў тым, што адбываецца, калі мы пачнем добрасумленна карыстацца афіцыйнымі крыніцамі расійскіх СМІ, каб зразумець свет.

Расейская прапаганда пра Украіну — гэта двухдумства: яна патрабуе, каб людзі, як пісаў Оруэл, «прытрымліваліся адначасова двух процілеглых меркаванняў, разумеючы, што адно выключае іншае, і быць перакананымі ў абодвух». Расейская прапаганда штодня выкладае два бакі кожнай гісторыі, дзе абедзве з'яўляюцца хлуслівымі, і кожная з іх выключае іншую.

Задумайцеся над ідэямі, выкладзенымі на пачатку артыкула. 

Мы зыходзім з таго, што праўда заўжды ляжыць дзесьці пасярэдзіне паміж дзвюма крайнімі інтэрпрэтацыямі. Але не можа быць праўды, якая ляжыць паміж ілжывым і ўнутрана супярэчлівым тэзісамі.

Ёсць яшчэ адно вар'яцтва, пра якое піша Оруэл — вучыцца любіць Вялікага Брата (у рамане гэта нейкі аддалены і абязлічаны таталітарны кіраўнік). У «1984», каб навучыцца любіць Вялікага Брата, трэба ахвяраваць тым, што ты любіш больш за ўсё. Ва Украіне трэба ахвяраваць дзяржаўнасцю, паколькі Пуцін толькі што запатрабаваў падтрымаць расчляненне краіны і стварыць на яе паўднёвым усходзе Наваросію. У Еўропе неабходна ахвяраваць мірнай інтэграцыяй. А ўсе мы павінны ахвяраваць здаровым сэнсам.

Мы занадта часта спрабуем адгадаць, што ў Пуціна ў галаве. Мы спрабуем пракрасціся ў думкі Вялікага Брата замест таго, каб паспрабаваць зразумець факты, якія паддаюцца праверцы. Але ў рэчаіснасці, каму якая справа, што ў Пуціна ў галаве?

Ці ведае гэта хоць хто-небудзь, у тым ліку, сам Пуцін? І нават калі нам вядома, што ў Пуціна ў галаве сёння, ці дапаможа гэта нам зразумець, што ў яго будзе ў галаве заўтра? Якія нашы шанцы адстаяць свабоду і прыстойнасць, калі мы пачнем капацца ў мазгах асобнай асобы? У рэшце рэшт, гэты чалавек дае парады вытворцам дзіцячых мультыкаў і ўплывае на тэлепраграмы, дзе падымаецца пытанне аб яго магчымай боскай прыродзе.

У канцы рамана «1984» прадстаўнік кіруючага рэжыму Большого Брата, займаючыся катаваннямі, прызнаецца ў тым, што ўлада — гэта не сродак, а мэта. Што б ні было ў думках у Пуціна, што б ён ні казаў, што б ні рабіў, ён на самай справе проста абараняе ўласную ўладу.

А гэтаму ў любым выпадку ўжо даволі хутка наступіць канец. Прыгнёт у Расіі, вайна ва Украіне і дэстабілізацыя Захаду — гэта невымерна высокая цана за прывілеі аднаго чалавека. Замест таго, каб пачынаць з гэтага, зазіраючы ў вочы устрывожанаму архітэктару двухдумства, нам лепш падумаць пра тое, што для нас каштоўна, і як мы можам гэта абараніць. Калі Украіна стане Наваросіяй, Еўропа стане Еўразіяй, а Захад абрынецца, адбыцца гэта можа не з-за фізічнай магутнасці Расіі, а з-за слабасці нашага мыслення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?