Прамысловасць Беларусі пакуль не выконвае прагнозныя паказчыкі, паведаміў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка 27 мая падчас даклада кіраўніку дзяржавы.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, на сустрэчы Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў Сямашкі праблемамі беларускай прамысловасці. «Больш за ўсё ў мяне апасенняў за гэты кірунак, асабліва ў плане рэалізацыі гатовай прадукцыі. Я хацеў бы пачуць магчымыя прапановы ў сувязі з маімі даручэннямі наконт паставак на ўнутраны рынак прадукцыі машынабудаўнічага комплексу. Але самае галоўнае — схемы і сістэмы ўзаемаразлікаў за гэтую прадукцыю», — зазначыў Лукашэнка.

Гаворачы пра вынікі работы прамысловага комплексу за мінулы перыяд 2013 года і перспектывы выканання прагнозных паказчыкаў па годзе ў цэлым, Сямашка адзначыў, што прамысловасць Беларусі пакуль не выконвае прагнозныя паказчыкі. «Але ёсць пэўная дынаміка па міністэрствах, канцэрнах і камітэтах, і ёсць заданне, каб усё-такі па канцы года выйсці на тыя прагнозныя паказчыкі, якія былі намечаныя па прамысловай вытворчасці, — не менш чым 107%», — адзначыў віцэ-прэм’ер.

На яго думку, для выканання гэтых заданняў неабходна ўключыць «дадатковыя механізмы». «Ніхто не адмаўляе таго, што сітуацыя на макраўзроўні вельмі няпростая. Па-першае, адбіваецца сусветная рэцэсія. Па-другое, з 1 студзеня Расія стала членам СГА, а расійскі рынак для нас адзін з асноўных, асабліва што тычыцца прадукцыі машынабудавання. І мы ўжо ў поўнай меры зазналі негатыўныя моманты, апынуўшыся па факце ў СГА, бо мы знаходзімся ў Мытным саюзе», — канстатаваў Сямашка.

«Гэтыя два глабальныя працэсы, безумоўна, адбіліся на выніках работы прамысловага комплексу краіны. Але зробленыя захады і тое, што напрацавана, павінна ўсё-такі даць нам па канцы года станоўчы вынік», — сказаў першы віцэ-прэм’ер.

Паводле слоў Сямашкі, прамысловасць Беларусі на працягу апошняга дзесяцігоддзя, нават у няпростыя перыяды, заўсёды паказвала дастаткова высокія тэмпы прыросту. «Ужо ёсць задзел і сістэма работы, таму далей мы ні ў якім выпадку не павінны збаўляць тэмпы», — адзначыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?