Пра гэта ён гаварыў на канферэнцыі па глабальнай бяспецы Globsec, якая праходзіць гэтымі днямі ў Браціславе.
Выступоўцу прадстаўляў славацкі палітык, былы пасол Славакіі ў ЗША Марцін Бутара: «Гэта будзе вялікі момант для нашай канферэнцыі, цяжка знайсці словы, каб сказаць, наколькі славакі абавязаныя гэтаму чалавеку».
Бутара назваў Бжэзінскага адным з самых уплывовых мысляроў нашага часу.
Тэму свайго выступу Бжэзінскі сфармуляваў глабальна, у духу канферэнцыі, на якой выступаў — «Што ёсць галоўнай місіяй Захаду ў сучасным свеце?»
Паводле яго, асноўная праблема Еўропы палягае ў тым, што ў ЕС колькасць банкаў расце хутчэй, чым колькасць насельніцтва.
Тое, што Еўропа не мае глабальных амбіцыяў, прымушае Амерыку, амерыканскую грамадскасць больш скептычна глядзець на Еўропу, разглядаць ЕС у якасці скарбонкі. Бжэзінскі заклікаў еўрапейцаў браць на сябе большую адказнасць за лёс планеты і мацаваць сувязі з Амерыкай, у тым ліку і праз НАТА.
«У ХХІ стагоддзі самая вялікая пагроза — гэта не тыранічная гегемонія, а тыранія глабальнага хаосу», — сказаў палітолаг.
Бжэзінскі падкрэсліў, што самыя важныя выклікі ЕС ад суседзяў ідуць з боку Турцыі і Расіі.
Ён заклікаў ЕС дзеля ўсталявання новага сусветнага парадку прыняць у свае шэрагі краіны Усходняй Эўропы, у тым ліку Беларусь і Украіну.
У сваёй прамове выступоўца некалькі разоў згадваў Беларусь, называючы яе кожны раз з Украінай, праўда, адзначаючы пры гэтым, што беларускі рэжым больш рэпрэсіўны.