Беларусь будзе адзінай краінай, для якой цэны на расейскі газ ня вырастуць у 2006 годзе. «Газпром» пацьвердзіў гатоўнасьць забясьпечыць пастаўкі прыроднага газу ў Беларусь на ўмовах кантракту 2005 г. — то бок па сымбалічных $46,68 за 1 000 кубамэтраў. Пра гэта было заяўлена 6 сьнежня на сустрэчы кіраўніка ААТ «Газпром» Аляксея Мілера і першага віцэ-прэм’ера Беларусі Ўладзімера Сямашкі. Паводле прэс-службы «Газпрому», з ініцыятывы беларускага боку аднавілася і абмеркаваньне стварэньня сумеснага газатранспартнага прадпрыемства на базе «Белтрансгазу».

Апошняе газавае пагадненьне выклікала новую порцыю чутак пра перанос выбараў зь ліпеня на сакавік. Улады, нібыта, усур’ёз падумваюць пра гэта, каб ня даць Аляксандру Мілінкевічу часу на раскрутку. «Баяцца, што да лета краіна палітызуецца», — як сказаў «НН» адзін чыноўнік.

Цікава, што журналістаў дзяржаўных СМІ не адпускаюць у адпачынак, пакуль ня будуць вядомыя вынікі паседжаньня вышэйшага дзяржсавету Беларусі й Расеі (г.зн. перамоваў Лукашэнкі й Пуціна). Яны мусяць адбыцца бліжэйшымі тыднямі. У падзяку за «перадвыбарчыя» цэны на газ Расея дамагалася ад Лукашэнкі некаторых саступак у тэксьце канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы. Між тым рэфэрэндум па канстытуцыйным акце мог бы стаць нагодай для адначасовага правядзеньня зручных для ўлады датэрміновых выбараў. Праўда, дагэтуль беларускі бок катэгарычна адмаўляў магчымасьць такога рэфэрэндуму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?