У пачатку лістапада ў Аргентыне прайшоў чарговы кангрэс ІКЧФ — Міжнароднай фэдэрацыі завочных шахмат. Дэлегат Беларусі ня браў удзелу ў дыскусіях і выбарах: голас нашай краіны быў давераны Сяргею Гродзенскаму, кіраўніку расейскай Асацыяцыі гульні празь перапіску.

На кангрэсе выбралі новага прэзыдэнта ІКЧФ — ім стаў Махамэд Самраўі, грамадзянін Нямеччыны альжырскага паходжаньня. Нямеччына — краіна, дзе гульня ў шахматы празь перапіску папулярная як мала дзе, таму выбар аказаўся даволі заканамерны.

Прыемнай нечаканасьцю Кангрэсу — у тым ліку для самога ляўрэата — было ўганараваньне міжнароднага гросмайстра, аўтара «НН» Зьмітра Лыбіна сярэбраным мэдалём імя Бэртль фон Масаў за ўнёсак у разьвіцьцё завочных шахмат. Сп.Лыбін жыве ў Менску, яму 42 гады. З падачы трэнэраў Артура Белавусенкі і Ўладзімера Някрасава ён захапляецца гульнёй празь перапіску амаль тры дзесяцігодзьдзі, гуляў нават у войску (бяз дошкі!). У беларускай фэдэрацыі адказвае за сувязі з замежжам — ён і быў тым самым дэлегатам Беларусі, які не паехаў за акіян. Актыўна і пасьпяхова выступае ў спаборніцтвах рознага ўзроўню, аж да турніру прэтэндэнтаў на першынство сьвету. Не забываецца і на студэнтаў Беларускай акадэміі музыкі, дзе выкладае інструмэнтоўку, чытаньне аркестравых партытур, складаньне. Сам складае фартэпіянныя творы, выконваючы іх на міжнародных фэстывалях.

Нядаўна на турніры, прысьвечаным стагодзьдзю Фэдэрацыі завочных шахмат Даніі, Зьміцер Лыбін адолеў Ёрна Слота, восьмага чэмпіёна сьвету ў гульні празь перапіску. «Як гэта і бывае на высокім узроўні, ён не зрабіў яўнай памылкі, а толькі тры недакладнасьці ў манэўрах слана. Замест хадоў у партыі лепш было гуляць 15. Сe3, 18. Сc5, 19. Сe3», — міралюбна зазначыў пераможца.

P.S. Мы папрасілі сп.Лыбіна паказаць узнагароду, аднак ляўрэат пакуль не атрымаў свайго мэдаля, названага ў гонар выдатнай арганізатаркі, жонкі трэцяга прэзыдэнта ІКЧФ Вэрнэра фон Масаў. Кажа, паедзе па яго ў Маскву да доктара Гродзенскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0