У МУС распавялі сваю версію інцыдэнту на Дзяржынскага, калі людзі ў форме білі дубінкамі па машыне.

Нагадаем, учора на праспекце Дзяржынскага ў Мінску людзі ў форме спрабавалі затрымаць аўтамабіль. Яго практычна ўдалося заблакаваць, але кіроўца змог праехаць паміж спецаўтамабілямі. Тады да машыны кінуліся некалькі дзясяткаў сілавікоў, яны сталі біць дубінкамі. Але потым машына прарвалася праз натоўп сілавікоў, за ёй кінуліся ў пагоню машыны ДАІ.

У МУС каментуюць гэты выпадак так: нібыта п'яны мінчанін блакаваў рух, а затым наехаў на інспектара ДАІ.

«Увечары 23 верасня некаторыя інтэрнэт-рэсурсы распаўсюдзілі інфармацыю аб затрыманні кіроўцы Volkswagen Passat на сталічным праспекце Дзяржынскага, па-свойму інтэрпрэтаваўшы падзеі. Супрацоўнікі ДАІ Маскоўскага РУУС Мінска ў складзе двух экіпажаў пераследвалі аўтамабіль, які спачатку падрэзаў пасажырскі аўтобус, а затым блакаваў рух у раёне праспекта Дзяржынскага — вуліцы Шчорса», — распавяла Вольга Чамаданава.

Спрабуючы ўцячы, кіроўца заехаў на дваровую тэрыторыю па вуліцы Разінскай. Калі інспектар выйшаў са службовай машыны і накіраваўся да парушальніка, той пачаў рухацца заднім ходам. У выніку сутыкнуўся са службовым аўто, а затым наехаў на дзяржаўтаінспектара, паведамляе МУС. З траўмай нагі супрацоўніка міліцыі шпіталізавалі.

30-гадовага мінчука затрымалі і даставілі на агляд, вынікі якога паказалі наяўнасць алкагольнага ап'янення, запэўнівае міліцыя. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0