Шаноўныя чытачы, ад гэтага нумару «Наша Ніва» будзе выходзіць школьным правапісам.

«НН» пераходзіць на яго, бо ставіць перад сабой задачу заваёвы новай аўдыторыі. Вяртанне ў кіёскі «Саюздруку» дае такі шанец. Непрызвычаеным людзям чытаць па‑беларуску класічным правапісам цяжэй, моцна цяжэй. Тое адназначна паказвалі сацыялагічныя даследаванні, дый кожны з нас тое бачыў або адчуваў на сабе. Гэты псіхалагічны бар’ер абмяжоўваў аўдыторыю. Мы хочам, каб новыя і новыя людзі пачалі набываць газету, ідэнтыфікавалі беларускую мову як сваю, не адчувалі ад яе адчужэння. Было б недаравальна, каб непрыяцелі беларускага тыкалі: вось, мы іх дазволілі, і што — жменька чытачоў у іх.

Гэты крок ані кан’юнктурны, ані прадыктаваны эмоцыямі. Рэдакцыя даўно адчувала такую патрэбу для пашырэння кола актыўных носьбітаў беларускай культуры.
Лічым патрэбным зрабіць гэты крок цяпер. Спадзяёмся, што яго пазітыўны палітычны і культурны эфект можна будзе ацаніць ужо праз некалькі гадоў.
Незалежнае грамадства не павінна замыкацца ў сваім коле.
Нацыянальная свядомасць глыбока пранікла ў шырокія слаі, а незалежнасць краіны стала нацыянальным кансенсусам, на парадку дня — выхад Беларусі са стану васальнае залежнасці ад Расіі, кансалідацыя паўнапраўнае еўрапейскае нацыі.
«НН» пачатку ХХ стагоддзя выходзіла рознымі правапісамі, мяняла іх, але не змяняла пазіцыі і задач. Так і цяпер. Мяняецца правапіс, але нязменны дух газеты. «НН» застанецца такой сама чыста беларускай, як і была.
Наша святыня — мова. Правапісаў два, яна адна.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Чытач / Адказаць
04.12.2008 / 15:50
Мушу таксама нагадаць усім, што пасля 2010 усё роўна НН была б вымушана перайсці на школьны правапіс. Так што лепей менавіта зараз скарыстаць дазвол на продаж + школьны правапіс, каб павялічыць аўдыторыю. Рэд. Закон аб правапісе нічога не вырашае, ён выхалашчаны. Тут справа ў нашым стратэгічным бачанні задач і ўмоваў. Закон аб правапісе, як і ўся палітыка рэжыму, скіраваныя не столькі на забарону, колькі на ізаляцыю інтэлектуальных асяродкаў, каб яны не выпраменьвалі ідэяў, каб іх "поле дабівання" было абмежаваным. Мы зрабілі гэты крок з думкай пра новага чытача.
0
Янка / Адказаць
04.12.2008 / 15:53
Цяжка звыкнуцца... Але згодны, што мае бацке ня будуць чытаць клясычным правапісам. Хоць і ня ўпэўнены, што будуць "школьным". Ці ёсьцека некая канцэпцыя піяру? - бо без рэклямы наўрацьці атрымаецца пасунуцца шмат далей за сучасную аўдыторыю. А які быў наклад да таго, як забаранілі афіцыйны распаўсюд? У любым выпадку - посьпехаў, і дзякуй за вашую працу! Рэд. Наклад быў да забароны 3200, пры забароне 2200. Зараз будзем рабіць усё, каб павялічыць яго. Рэкляма - паспрабуем. Пытаньне 1 - ці дазволяць (ад 2003 году не дазвалялі), пытаньне 2 - фінансы. Рэкляма дорага каштуе. Затое размовы наконт правапіснага пераходу - бясплатная рэкялма. :)
0
Вальдэмар / Адказаць
04.12.2008 / 16:00
"Наша святыня — мова. Правапісаў два, яна адна." +1, падтрымліваю, трэба спрабаваць, трэба мяняцца, трэба шукаць шляхі, а не хадзіць па замкнёным коле. І пры тым не губляць мэты. Наркамаўка не панацэя(як ня ёсць панацэяй і тарашкевіца), але ж выйсьце трэба шукаць, і спробы шуканьня магу толькі вітаць! Ці дасьць гэта плён? Паглядзім. Не паспрабаваўшы - не даведаешся.
Паказаць усе каментары/ 212 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру