Вядомыя і аўтарытэтныя знаўцы прадмету — такія, як паважаныя Вінцук Вячорка, Сяргей Шупа і многія іншыя нясуць, прынамсі, ня меншую адказнасьць за сучасны стан мовы, чымся «афіцыйныя» мовазнаўцы. Піша Віталь Тарас.

Некалькі месяцаў таму, задоўга да таго, як быў апублікаваны праект новых правілаў беларускай артаграфіі, у незалежных СМІ было шмат гнеўных водгукаў. Адусюль тады сыпаліся перуны й маланкі.

І вось нядаўна Міністэрства адукацыі РБ зьмясьціла праект зьменаў на сваім афіцыйным сайце. І далей — цішыня. Калі не лічыць, вядома, водгукаў на сайце «Нашай Нівы». Але ж і тут заўвагі тычыліся, у асноўным, таго, што міністэрскі рэсурс аздоблены па‑расейску, ды яшчэ малапісьменна. (Побач з назвай праекту было напісана: «можна скачать сдесь».) А дыскусія неяк не завязваецца.

Галоўная небясьпека — у самым існаваньні двух узаконеных варыянтаў мовы.

Выглядае, што літара «ў» засталася на сваім месцы, як і апостраф. Што да астатніх зьменаў, дык уводзіць іх мяркуецца цягам некалькіх гадоў. Да таго часу, пакуль яны будуць узаконеныя, можна не баяцца санкцыяў дзяржавы за іх парушэньне.

І ўсё ж, я лічу, меў рацыю мовазнаўца Пётра Садоўскі, калі казаў у нядаўнім інтэрвію радыё «Свабода», што галоўная небясьпека — у самым існаваньні двух узаконеных варыянтаў мовы. Працэс яе разбурэньня, выгнаньня амаль з усіх сфэраў дзейнасьці, які без таго зайшоў вельмі далёка, можа яшчэ больш паскорыцца, адштурхнуць ад роднай мовы тысячы звычайных людзей, асабліва маладых. Іх новыя правілы могуць дэзарыентаваць канчаткова.

Але ня толькі ў гэтым бачу праблему.

На маю думку, вядомыя і аўтарытэтныя знаўцы прадмету — такія, як паважаныя Вінцук Вячорка, Сяргей Шупа і многія іншыя нясуць, прынамсі, ня меншую адказнасьць за сучасны стан мовы, чымся «афіцыйныя» мовазнаўцы. Я не філёляг. Мне асабіста клясычны правапіс падаецца куды больш стройным і лягічным, арганічным для беларускай мовы, чым «наркамаўка». Але маё суб’ектыўнае стаўленьне нікому не цікавае. Мяне, як і тысячы іншых карыстальнікаў («юзэраў») цікавіць, каб можна было, не задумваючыся, заўсёды карыстацца адным і тым варыянтам. А мяне ўвесь час, можна сказаць, напружваюць — навязваюць то адно, то другое. Ды няхай было б і некалькі дзясяткаў варыянтаў: у нармальнай сытуацыі ў нармальнай дзяржаве тэарэтычныя спрэчкі, барацьба навуковых канцэпцыяў была б дарэчы. І нават, у канчатковым выніку, яны, мабыць, пайшлі б толькі на карысьць мове. Але бяда ў тым, што ў выніку сёньняшняй сытуацыі — узровень непісьменнасьці, асабліва сярод моладзі, жахлівы. Як казаў незабыўны старшыня колішняга Вярхоўнага Савету Мікалай Дземянцей, «хто как хаціт, так і гаварыт». А цяпер і пішуць, дадам я. Асабліва ў інтэрнэце.

Вядомыя і аўтарытэтныя знаўцы прадмету — такія, як паважаныя Вінцук Вячорка, Сяргей Шупа і многія іншыя нясуць, прынамсі, ня меншую адказнасьць за сучасны стан мовы, чымся «афіцыйныя» мовазнаўцы.

Адзін мой знаёмы вэб‑рэдактар упарта даводзіў, што па‑беларуску трэба пісаць «тэлефаніць» (замест «тэлефанаваць» або проста «званіць»).

Неяк Сяргей Вітушка напісаў у газэце «Свабода»: слова «заўзець» (ад «заўзятар»), можа, і адпавядае акадэмічнай навуцы, але гэта кабінэтная праўда. І падобныя гэтаму «правільныя» словы — мёртванароджаныя, яны ў народзе наўрад ці прыжывуцца.

І што ўвогуле народу сёньня трэба лічыць пісьменным або непісьменным? Можна лічыць наркамаўку бяздушнай, навязанай, можна кпіць зь яе, але пераважная большасьць людзей да яе прызвычаілася, ёю карыстаюцца.

Між іншым, справа не ў артаграфіі ці артаэпіі. У ангельскай мове, як вядома, усяго дваццаць чатыры літары, і іх не заўсёды хапае, каб адлюстроўваць фанэтыку. І ніхто з‑за гэтага асабліва не перажывае.

Я разумею, што «ь» у клясычным правапісы — гэта яшчэ й свайго роду сьцяг, знак нязгоды з афіцыйшчынай, разбурэньнем беларускай культуры і мовы. Але ці варты гэты сьцяг таго, каб разьядноўвацца? Гэтак некалі ў сярэднявеччы руская праваслаўная царква раскалолся паводле фармальнай прыкметы: адны хрысьціліся трыма пальцамі, а «раскольнікі» — двума. І тыя і другія пры гэтым былі абсалютна, сьвята перакананыя, што праўда на іх баку. І гатовыя былі нават пайсьці на сьмерць за свае перакананьні. Перакананьні заўсёды вартыя павагі. Але важна, каб яны не ператвараліся ў карпаратыўнасьць.

У клясычным правапісе "ь" —гэта сьцяг. Але ці варты гэты сьцяг таго, каб разьядноўвацца?

Як па мне, дык трэба было б усіх беларускіх філёлягаў, як сьвятароў‑кардыналаў пры абраньні Папы, замкнуць у адным памяшканьні ды не выпускаць, пакуль белы дым з коміну ня пойдзе. Маю на ўвазе менавіта ўсіх філёлягаў і мовазнаўцаў — акадэмічных ці неакадэмічных, дый ня толькі навукоўцаў. Усе, каму неабыякавы лёс беларускай мовы, незалежна ад палітычных поглядаў, маглі б заключыць нешта накшталт грамадзкай дамовы, альбо прыняць свайго роду «нулявы варыянт».

Баюся толькі, што ўсё зноў зьвядзецца да ўзаемных абвінавачаньняў і плачу над страчанаю моваю».

* * *

Ад Рэдакцыі

Важнай нам падаецца тэма, узьнятая Віталём Тарасам. Ён мяркуе, што сытуацыя суіснаваньня двух правапісаў беларускай мовы становіцца тормазам для разьвіцьця культуры. Абставіны складаюцца так, піша В.Тарас, што патрэбнае адзінства, нават коштам любых кампрамісаў. У сытуацыі, якую маем, суіснаваньне розных правапісаў з вымушанай непазьбежнасьцю ператвараецца ў супрацьпастаўленьне, дзеліць і без таго падзеленую нацыю. Калі разьвіваць думку аглядальніка “НН”, далейшае захаваньне фармальнай чысьціні правапісных традыцый сёньня магчымае толькі коштам далейшага звужэньня камунікацыйных магчымасьцяў незалежнай беларускай культуры. Гэта ставіць прыхільнікаў тае чысьціні ў пазыцыю эвангельскіх кніжнікаў-фарысэяў.

У той жа час факт застаецца фактам, што найперш і перадусім дзяржаўны гвалт і палітызацыя моўных пытаньняў перашкодзілі ў 90-я і перашкаджаюць сёньня выпрацоўцы адзінага правапісу. Што ўрадаваму боку, называючы рэчы сваімі імёнамі, пляваць на лёс усяго беларускага, што марна чакаць ад яго кампрамісаў дзеля беларускай культуры.

Меркаваньне В.Тараса, безумоўна, выкліча дыскусію. Далучайцеся да абмеркаваньня.

(Аўтарскі загаловак: «Ці прычакаем белага дыму?»)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?