Адвакатку Людмілу Казак, якая абараняе сябра Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву, пакаралі штрафам у 675 рублёў за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі (23.4 КаАП). Пасьля абвяшчэньня прысуду ў залі крычалі «Ганьба!», піша «Свабода».

У суд Людмілу Казак не прывезьлі, судзілі праз скайп. Судзьдзя — той самы, што раней судзіў журналістаў TUT.by і агенцтва БелаПАН па нядаўняй справе журналістаў: Аляксандар Рудэнка, намесьнік старшыні суду.

Паводле пратаколу, 24 верасьня ў 13:55 па вуліцы Камуністычная, 5 Людміла Казак падчас свайго затрыманьня аказала супраціў сяржанту міліцыі «Іванову Івану Іванавічу»: гэтым размахвала рукамі, упіралася нагамі, спрабавала зьбегчы і не хацела ісьці ў аўтамабіль.

Людміла Казак распавяла, што яе сілай затрымлівалі трое людзей у масках, адзін зь якіх у форме АМАПу. Яны не прадстаўляліся і не патлумачылі прычыну затрыманьня. Пасьля адвакатку адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, адабралі тэлефон і склалі пратакол за ўдзел у масавым мерапрыемстве 30 жніўня.

У суд гэты пратакол не паступіў. Судзілі Людмілу Казак за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі». Пры затрыманьні ў сумцы адвакаткі былі матэрыялы па справе Марыі Калесьнікавай, якія ўтрымліваюць адвакацкую тайну.

Людміла Казак

«Я моцна спужалася, бо не зразумела, што адбывалася. Я адвакатка і ведаю, як паводзіць сябе пры затрыманьні. Тут са мной паступілі абсалютна незаконна», — распавяла на судзе Людміла Казак.

На судзе выступілі сьведкі, супрацоўнікі міліцыі РУУС Цэнтральнага раёну, якія затрымлівалі адвакатку, «Аляксандар Аляксандравіч Александровіч» і «Іваноў Іван Іванавіч». Іх анкетныя зьвесткі зьмянілі, бо, паводле міліцыянтаў, ім і іх сем’ям паступаюць пагрозы. Абодва сьведкі былі ў балаклавах, выступалі на судзе праз скайп-сувязь.

«Хто вам пагражае? Я вам пагражаю?» — спытала Людміла Казак у сьведкі.

«Учора пагражалі», — адказаў сьведка «Аляксандар Аляксандравіч Александровіч».

Сьведка «Іван Іванавіч Іваноў» ня зь першага разу разумеў пытаньні адвакатаў. Судзьдзя некалькі разоў прасіў адвакатаў фармуляваць прасьцей.

«Я не пазнаю гэтага чалавека, ён моцна картавіць, і я зь ім не сустракалася», — заявіла Людміла Казак.

У судзе над Людмілай Казак

Міліцыянт некалькі разоў адмаўляўся адказваць на пытаньні абвінавачанай і яе адвакатаў, спасылаючыся на службовую таямніцу. Адвакатка Людмілы Казак папрасіла прыцягнуць сьведку «Іванова Івана Іванавіча» да адміністрацыйнай адказнасьці за адмову ад дачы паказаньняў у судзе. Судзьдзя Аляксандар Рудэнка адмовіў. Адвакаты патрабавалі спыніць адміністрацыйную справу за адсутнасьцю доказаў.

«Адвакаты падвяргаюцца асабістым пагрозам, перасьледам і арыштам. Затрыманьне Людмілы Казак — гэта ціск на яе і яе кліентку Марыю Калесьнікаву. Гэта спроба запужаць адвакатаў, але мы не баімся, мы абураныя і патрабуем гэта спыніць», — заявіў адвакат Віктар Мацкевіч.

Падтрымаць Людмілу Казак прыйшлі калі 50 чалавек, сярод якіх калегі-адвакаты і аднагрупнікі.

Людміла Казак — шматдзетная маці, у яе трое непаўнагадовых дзяцей. Адвакатка лічыць, што яе затрыманьне зьвязанае зь яе прафэсійнай дзейнасьцю — абаронай Марыі Калесьнікавай.

Людміла Казак перастала выходзіць на сувязь днём 24 верасьня. Увечары яе абаронцы даведаліся, што яна ў ІЧУ на Акрэсьціна, прычыны затрыманьня там назваць адмовіліся.

Як расказалі TUT.by адвакаты Віктар Мацкевіч і Сьвятлана Гарбаток, 25 верасьня яны не маглі трапіць да кліенткі больш за тры гадзіны. Адміністрацыя спачатку спасылалася на карантын, потым — на «ўнутраныя мерапрыемствы» ў ІЧУ. У выніку пусьцілі па адным.

Са словаў Людмілы Казак, трое мужчын яе схапілі на вуліцы Камуністычнай, калі яна падыходзіла да машыны.

«Адзін супрацоўнік АМАП, астатнія невядома хто, у масках. Прывезьлі ў Цэнтральнае РУУС, размаўляў супрацоўнік Вусік. Склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Нібыта 30 жніўня яна была на акцыі на праспэкце Пераможцаў, хоць на самой справе ў гэты дзень у ГЦ «Галілеа» з дачкой куплялі рэчы да школы. Сьведкамі ў пратаколах пазначаныя «Івановы Іваны Іванавічы» — асобы, чые пэрсанальныя зьвесткі зьмененыя», — паведаміў Віктар Мацкевіч.

Паводле Людмілы Казак, супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе «напышліва і па-хамску», называлі «дамочка», казалі, што яна павінна падпарадкоўвацца іх патрабаваньням. Цалкам ігнаравалі заявы, што ёй трэба на судовае паседжаньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?