Святлана Ціханоўская заявіла, што санкцыі ЕС супраць беларускіх афіцыйных асоб неабходныя для аказання падтрымкі беларускаму народу, заклікала Еўропу дзейнічаць смялей на гэтым кірунку, піша interfax.by.

«Еўрапейскія краіны ведаюць, што такія санкцыі неабходныя. Сустрэча, якая адбылася ў панядзелак (кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў ЕЗ — ІФ), — толькі адзін этап, будуць і іншыя. Але Еўропа павінна быць больш смелай. Вы бачыце, наколькі беларускі народ адважны і тое, за што ён змагаецца», — сказала Ціханоўская ў інтэрв'ю газеце «Фігаро».

На пытанне аб тым, чаму павінны быць уведзеныя санкцыі персанальна супраць Аляксандра Лукашэнкі, яна сказала: «Для таго, каб ён зразумеў, што Еўропа не пакіне яго злачынствы беспакаранымі і што яна адхіляе магчымасць выкарыстання гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да ўласнага народа».

Акрамя таго, Ціханоўская падкрэсліла, што ўся адказнасць за сітуацыю ў краіне ляжыць выключна на Лукашэнку.

«Калі Лукашэнка хоча знайсці адказнага за тое, што адбываецца ў краіне, дастаткова, каб ён паглядзеў у люстэрка», — сказала яна.

«Адзіны спосаб прымусіць яго здаць пазіцыі — гэта ціск: дэманстрацыі, забастоўкі, уздзеянне іншых краін, АБСЕ. Фінансавая падтрымка гэтаму рэжыму павінна спыніцца, каб ён не мог больш аплачваць паслугі міліцыянтаў, нападнікаў на дэманстрантаў. Патрэбны дыялог, каб пазбегнуць пагаршэння палітычнага і эканамічнага крызісу», — лічыць Ціханоўская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0