Учора ўвечары ў сеціва трапіла відэа, знятае відавочцам на вуліцы Берута ў Мінску: таксіст павёз хлопца, што ўцякаў ад сілавікоў. Ролік актыўна абмяркоўваюць карыстальнікі, маўляў, падзеі на ім развіваліся як у сапраўдным кіно. Сёння з AUTO.TUT.BY звязаўся той самы пасажыр імклівага таксі і трохі распавёў пра здарэнне.

Хлопец, які ўцякаў ад сілавікоў, навучаецца ў адным са сталічных ВНУ, яму 18 гадоў. Ён не хавае: знаходзіўся ў раёне станцыі метро «Пушкінская» разам з прысутнымі, тым самым паказваў сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне.

— Калі людзі перакрылі дарогу, прыехалі аўтазакі. Усе кінуліся хавацца ў дварах, я таксама. Падбег да аднаго адкрытага пад'езда і трымаў дзверы: каб пабольш людзей забеглі і схаваліся. Не заўважыў, як з-за вугла дома выскачылі сілавікі і пабеглі да нас, — успамінае хлопец.

Многіх з тых, хто быў у пад'ездзе, затрымалі, але студэнт паспеў выкруціцца і пабег у бок, сілавікі — за ім.

— Гэта былі секунды: бягу — ззаду сілавік, наперадзе, на газоне, — яшчэ адзін. Я ў бок, да дарогі. Чую, мне нехта крычыць: «Давай, да мяне заскаквай!» Гэта і быў той самы таксіст.

Па словах пасажыра таксі, у машыне было адчынена акно, праз якое сілавікі спрабавалі дабрацца да кіроўцы, ударылі па аўтамабілі дубінкай.

— Варыянта выехаць на сустрэчную не было, таму таксіст паехаў па абочыне. На відэа бачна, як колы аўтамабіля заскочылі на бардзюр.

Таксі паехала ў бок Кальварыйскай, потым бадзялася па горадзе. Пагоні за машынай не было. Праз некаторы час кіроўца высадзіў свайго пасажыра на адной са сталічных вуліц.

— Убачылі, што ў машыне пашкоджаны бампер, пабіта бакавое шкло. Грошай з мяне кіроўца не ўзяў ні за паездку, ні за шкоду, — кажа хлопец. — Я вельмі ўдзячны таксісту, таму што калі б не ён, то невядома, дзе б я цяпер быў.

Зараз, пасля ўсяго таго, што адбылося, хлопец вельмі хоча знайсці кіроўцу таксі, каб кампенсаваць яму прычыненую шкоду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?