Старшыня камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Эліёт Энгел (дэмакрат ад штата Нью-Ёрк) і старэйшы рэспубліканец Майкл Маккол (ад штата Тэхас), каментуючы інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі, зноў заклікалі правесці новыя выбары ў краіне, піша ТАСС.
«Па-сапраўднаму легітымны лідар не мае патрэбу ў правядзенні таемнай цырымоніі прывядзення да прысягі. Заклікаем Лукашэнку супрацоўнічаць з Каардынацыйнай Радай апазіцыі і прыслухацца да галасоў беларускіх грамадзян, якія патрабуюць свабодных і сумленных выбараў пад незалежным назіраннем», гаворыцца ў звароце.