Памерла Ганна Цімафееўна Ляшкевіч. Яна была цудоўнай журналісткай. Разумнай, тонкай, начытанай, інтэлігентнай. Мы яшчэ не былі зь ёй знаёмыя — але яе матэрыялы ў «Камсамолцы» я чытаў і тады. Яны тычыліся сацыяльных праблемаў, не палітыкі. Па іх можна было рабіць сацыялягічныя замеры: калі Ляшкевіч піша на гэтую тэму, значыцца, гэта сапраўды хвалюе людзей.
Яна была абаяльнай жанчынай. Ейная ўсьмешка была поўная нерастрачанай дабрыні. Узьнікала адчуваньне, што яна проста ня ў стане сердаваць. І нават калі яна плакала (адзін раз бачыў), то сердавала не на свайго крыўдзіцеля, а на сябе: як жа гэта так? Чаму я не змагла зрабіць тое, што трэба, так, як трэба?
Яна была дзівосным чытачом. Калі я прыходзіў у беларускую рэдакцыю «Камсамолкі», зь ёй мы абмяркоўвалі клясыку. І бэстсэлеры. Памятаю, калі мяне ўгаворвалі зрабіць сьпіс для чытачоў «Камсамолкі», што чытаць іх дзецям летам, яна пераканала мяне ў тым, што некалькіх аўтараў уключаць ня варта. Хаця ва ўласных чытацкіх заўзятасьцях я ўпарты.
Мілая, добрая, жыццелюбівая Ганна Цімафееўна! Вы сустракаліся з палітыкам, чыноўнікам, бізнэсоўцам, простым чалавекам адзін раз — і ягоны тэлефон для Вас быў заўжды даступны. Проста таму, што Вы заставаліся ягоным сябрам, ён ведаў, што Вы ня будзеце злоўжываць ягоным даверам. І калі пры сустрэчы ты казаў гэтаму чалавеку, што зьбіраесься ўзяць у яго інтэрвію, ён усьміхаўся: лепшае інтэрвію ў яго ўжо ўзялі Вы.
Вы сышлі ад нас. Назаўсёды. Я не пасьпеў з Вамі разьвітацца. Прабачце мяне за гэта.
Я ня ведаю, ці трапляюць журналісты ў рай. Але вы столькі пакутавалі, што гэта было б вартай узнагародай за Вашае зямное жыцьцё.
Вы сышлі…
Сышла Ніка Чаркасава…
Сышоў Ігар Гермянчук…
Сышоў Толя Майсеня…
Сьветлая памяць вам…
Фота «КП» в Белоруссии»