Калісьці Арцемій Троіцкі ацаніў намаганні Аляксандра Багданава (Папы Бо) музычнай прэміяй «Стэпавы воўк», праігнараваўшы масцітых прадзюсараў постсавецкай прасторы.

Фота з архіва суразмоўцы

Фота з архіва суразмоўцы

У 2020-м Папа Бо выходзіў на маршы з дыджэйскай устаноўкай, запускаючы акцыю «Музыка-зброя». Праз год адсядзеў 3,5 месяцы, атрымаў тры гады хіміі, уцёк праз Расію ў Грузію. Распавёў пра збіццё і зневажанне ў засценках, паламаныя рэбры і пашкоджаную селязёнку. Пазней пераехаў у Кракаў, а зараз жыве ў Варшаве.

— У эміграцыі я трэці год, але да гэтага часу не адчуваю ні настальгіі, ні нуды па доме. Выратавала, што, з’ехаўшы з Беларусі, адразу пачаў наводзіць вакол сябе дзвіжуху: як люблю, умею і без чаго жыць не магу.

Як і шматлікім палітвязням, мне далі бясплатнага псіхолага. Але на трэцім сеансе яна сказала: «Дзіўна, але з табой усё ў парадку. Няма ніякіх траўмаў, ты проста сумуеш». Маўляў, пачынай займацца сваімі фестывалямі, гастролямі і цябе папусціць.

Так і здарылася. У мяне няма ні рэфлексіі, ні суму.

— Ні разу не было моманту, калі хочацца ў каптур і пад коўдру, нікога не бачыць?

— Сорамна, але не (усміхаецца). Некаторых калегаў накрыла, людзі хапаюцца за мінулае, не могуць адпусціць. Складана раставацца са сваімі рэгаліямі, са сваім добрым мінулым.

Аднак я неяк гэта перагарнуў: так, былі класныя часы ў Мінску, але зараз адкрыліся новыя магчымасці тут, і я ў іх патанаю.

— Адна справа эміграцыя, хай і вымушаная. Іншае — прайсці праз арышты, збіццё, зневажэнне. Кажуць, гэта назаўжды з табой і дзікая траўма?

— І зноў сорамна, таму што тая ж псіхолаг спрабавала са мной гэта прапрацаваць на другім сеансе: «А ты злуешся? Узгадай людзей, якія рабілі кепска».

Але я ацэньваю сваё затрыманне, адсідку, камунікацыю са зняволенымі, сістэмай і далейшыя ўцёкі — як яркія плямы на маёй кінематаграфічнай біяграфіі. У працэсе ўцёкаў калега быў прыгнечаны з-за таго, дзе і як аказаўся, што страціў, што не вернецца, што можа стаць горш. А я такія штукі ўспрымаю як дзіўны, але цікавы досвед.

— Прабач, але мяне нават ад пачутага абурала, калі ты расказваў, што для таго, каб ты прызнаў віну на катавальным відэа, паказалі прэзерватывы, якія нацягваюць на дубінкі. Удакладніўшы: «Разумееш для чаго?»

— Для мяне зацыкленасць гэтых таварышаў на сэксуальным гвалце і гаматэмах не новая. Я б, мусіць, інакш загаварыў, каб яны засунулі гэтую дубінку, куды планавалі… Ну пагражалі, ну пабілі, не першы раз.

Фота з архіва суразмоўцы

Фота з архіва суразмоўцы

У вулічных бойках я ўдзельнічаў і раней. Для мяне паламаныя рэбры і ў прынцыпе міліцэйскае самавольства, усе іх пагрозы — не навіна. У моманце, вядома, было страшна. Але, азіраючыся, разумееш, што гэтыя людзі так жывуць і інакш з імі быць не можа.

«Пакой у Варшаве стаў своеасаблівым эксперыментам»

— У студзені ты пісаў у фэйсбуку, што плануеш зняць у Варшаве пакой і шукаў, з кім можна падзяліць арэнду кватэры. У Мінску было ўстойлівае жыццё, а тут пакой, незнаёмыя людзі на адной кухні ў чужым горадзе. І кватэру аднаму не пацягнуць…

— З фінансавага і бытавога пункту гледжання ў Мінску я жыў горш, чым цяпер. Увесь час «Корпуса» (з 2016-га па 2021-ы) мы зараблялі на аўсянку і аплату камуналкі ў кватэры, якую нам давалі бясплатна.

Грошы ў асноўным ішлі на арэнду «Корпуса», каб «Гарызонт» не забраў памяшканне, каб не адключылі электрычнасць. Пры гэтым наша каманда з трох адчайных чалавек знаходзілася ў пастаянным руху з-за штодзённых мерапрыемстваў.

А пакой у Варшаве стаў своеасаблівым эксперыментам, паколькі да таго я жыў альбо адзін, альбо з жанчынай. У лістападзе пераехаў з Кракава ў Варшаву і падумаў, што добра было б зняць жыллё з мясцовымі, каб наладзіць новыя кантакты. Жыву зараз з палякамі з крэатыўнай індустрыі.

«Жыву без стабільнага заробку»

— Наколькі ў фінансавым плане новае жыццё адрозніваецца ад таго, што было ў Мінску? І на што табе хапіла грошай ад персанальнага збору на Байсоле пасля ўцёкаў з Беларусі?

— Жыццё, вядома, зараз даражэйшае. Але, як і ў Мінску, сёння я жыву без стабільнага заробку. Жыву з культурных праектаў, была стыпендыя, атрымліваю гранты на рэалізацыю мерапрыемстваў, дзе ўлічаны мае ганарары, як прадзюсара і менеджэра. Плюс ганарары з выступаў, арганізаваных пры маім удзеле.

Фота з архіва суразмоўцы

Фота з архіва суразмоўцы

У месяц даход упрытык з расходам. Але я яшчэ плачу аліменты, падтрымліваю Русю і нашу дачку. Плюс праекты, у якія пакуль трэба ўкладаць з-за адсутнасці фінансавання.

Дапамога Байсола была важнай, першыя месяцы я змог здымаць жыллё і існаваць. На дваіх з калегам, з якім мы беглі з Беларусі, за пару месяцаў нам сабралі каля 4 тысяч еўра.

Але падтрымлівалі і іншыя. Напрыклад, нямецкія выканаўцы, пад музыку якіх на маршах крычалі «Як ашчушэнія?», зладзілі аўкцыён, прадаўшы канцэртны мундзір за 5 тысяч еўра. Гэтыя грошы пайшлі на нашы ўцёкі з Беларусі.

— Ты калісьці расказваў мне, што вязеш «Серебряную свадьбу» да Вячаслава Палуніна ў Францыю, ён іх вялікі прыхільнік…

— Так, і Палунін падтрымліваў, многія. І з Еўропы, і расійскі андэграўнд. Грошы выцякалі на перадачы і адвакатаў.

— Ты казаў, што калегаў накрыла на эміграцыі. Як падтрымліваеш?

— Я настойваю на паходзе да псіхолага. Галоўнае не казаць: «Усё будзе добра, перастань». Падцягваю Фенікс (аказвае псіхалагічную дапамогу палітвязням) для тых, у каго не вельмі з грашыма. Першыя некалькі сесій праходзяць бясплатна. Важна, каб чалавек экстрана мог пачаць тэрапію. Раю рэтрыты для аднаўлення і пераключэння.

«Хацеў стаць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры»

— Ты вядзеш сацсеткі на беларускай мове. Не чула, каб раней на ёй размаўляў…

— Я вучыўся ў БДУ на беларускай філалогіі, хацеў стаць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. У школе гэта быў любімы прадмет, а я — любімы вучань.

Я быў юным беларускім паэтам, наведваў раённыя злёты, літаратурныя гурткі ў музеі Багдановіча. Школьнікам хадзіў на падпольныя канцэрты Сокалава-Воюша, у офіс «Маладога фронту», палюбіў беларускі рок, «Рок-каранацыю» і газету «Навінкі».

Таму і пайшоў на філфак, чакаючы ўбачыць выпускнікоў ліцэя Коласа, аднадумцаў. Аказалася, тыя паступалі на журфак ці гістфак, а на філфаку вучыліся дзяўчаты з правінцыі. Я аказаўся адзіным хлопцам сярод 70 дзяўчат.

Але пасля Плошчы 2010-га ў мяне адбылося расчараванне, і я выйшаў з Таварыства беларускай мовы. Гэта было юнацкае, мне падалося, што ўсё бессэнсоўна. «Нас пабілі, мы пешкі, і гэта не зменіцца». І пачаў займацца гуртамі па-за беларускамоўным кантэкстам.

— Сёння з тымі гуртамі кантактуеш? З «Серебряной свадьбой»?

— Мы з Бенькай актыўна камунікуем, спрабаваў зноў папрацаваць іх тур-менеджарам і канцэртным дырэктарам, калі яны ў мінулым годзе выпусцілі альбом. Зрабілі маштабны тур і каля 27 прэзентацый.

Фота з архіва суразмоўцы

Фота з архіва суразмоўцы

Але зразумеў, што даўно гэта перарос. Шмат валтузні, а я ўжо абвык руліць канцэпцыяй працэсу, а не правяраць, апублікаваў ці ў лакальных чатах арганізатар з Лодзі афішу. Але працягваю дапамагаць. 3 мая ў Бенькі сольнік у Варшаве, а 4 і 5-га — дзіцячы спектакль.

— Ты казаў, што пасля перажытага стаў больш расслаблены, спакойны, але і больш жорсткі. А праз 10 год хочаш быць рэабілітаваным і вярнуцца ў Мінск. Раскажы пра галоўны страх на сёння.

— Гэта і ёсць мой галоўны страх. Што такі час не наступіць, што будзе толькі горш. Ці настане момант, калі я буду ўжо настолькі адарваны ад Беларусі, што мне туды і не захочацца, нават калі рэабілітуюць.

— У цябе наогул былі сітуацыі, калі засмучэнне, смутак і безнадзейнасць? Ці ты ўсё жыццё быццам на ўжыўленых антыдэпрэсантах?

— Раней быў юнацкі максімалізм і страх параз. Ратавалі пастаянны кругазварот падзей і празмерная адказнасць за калег і падапечных.

У кожнага ёсць чорныя палосы, калі здаецца, што ўсё супраць цябе. Але калі зусім хрэнова, галоўнае памятаць, што гэта не назаўжды і хутка адпусціць.

Клас
12
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
0